З Узбекістана ў Беларусь прыбыў самалёт з маскамі і сродкамі засцярогі



Гуманітарная дапамога з Узбекістана для барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруса прыбыла ў Беларусь, паведаміла прэс-служба МНС.

Ваенны борт ІЛ-76 з вырабамі медыцынскага прызначэння прыбыў у нацыянальны аэрапорт Мінск у ноч на 12 красавіка.

У складзе грузу — аднаразовыя камбінезоны, рэспіратары, ахоўныя акуляры, латэксныя пальчаткі і маскі (усяго 513 тыс. вырабаў для засцярогі). Таксама дастаўленыя 500 тыс. пагонных метраў марлі, 50 тыс. упаковак антысептыкаў і 10 тыс. літраў медыцынскага спірту.

Разгрузку гуманітарнага грузу ажыццявілі курсанты Універсітэта грамадзянскай абароны МНС.

Прэс-служба нагадала, што Беларусь была першай краінай, якая накіравала паводле даручэння кіраўніка дзяржавы два самалёты ў Кітай з таварамі медыцынскага прызначэння вагой прыблізна 40 тон — 29 студзеня і 5 лютага.

belapan.by