З якімі лозунгамі апазіцыя ідзе на «Чарнобыльскі шлях»?
Тэмы, важныя для людзей, павінны агучвацца на палітычных акцыях, запэўніваюць беларускія палітыкі. У Менгарвыканкам падалі заяўку на “Чарнобыльскі шлях-2018”. Аргкамітэт акцыі просіць дазволіць мітынг каля Акадэміі навук і шэсце да парку Дружбы народаў. На дазволенай акцыі да Дня волі з уладамі існавалі дамоўленасці, каб не гучала палітычных і эканамічных патрабаванняў, а лозунгі павінны датычыць выключна гістарычнай даты. З якімі тэмамі ідзе апазіцыя цяпер на «Чарнобыльскі шлях»? Пытанне да намесніка старшыні партыі БНФ Аляксея Янукевіча:
– Гэта важнае пытанне. Што тычыцца 25 сакавіка, хацелася б праясніць, што, на жаль, у некаторых палітыкаў і часткі грамадства крыху збілася арыентацыя, што такое наогул палітыка. Палітыка, гэта тое, што бачна для людзей. І 25 сакавіка гучалі прамовы, важныя для людзей, пра незалежнасць, пра нацыянальныя інтарэсы. І на “Чарнобыльскім шляху” таксама, безумоўна, будуць палітычныя выступы і тэмы ўзнятыя, якія тычацца таго, што важна на сённяшні момант.
І тут павінны гучаць экалагічныя лозунгі, дадае старшыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч. І дадае – іх у Беларусі багата.
– Трэба раздзяляць, калі мы хочам правесці канкрэтнае свята, не трэба ўсё гэта міксаваць у адну кучу. Тое ж самае і з “Чарнобыльскім шляхам”. Ёсць канкрэтная тэматыка. Давайце кропкава біць у тыя экалагічныя праблемы, якія ёсць. Наступствы Чарнобыля яшчэ не пераадолены. Вельмі шмат замоўчваецца. Гэта добрая нагода сказаць пра іх уголас. Таксама ёсць новыя экалагічныя праблемы, звязаныя з будаўніцтвам АЭС у Астраўцы. Ёсць лакальныя экалагічныя праблемы.
Паводле старшыні руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча, тэматыка „Чарнобыльскага шляху” сёлета ахопіць больш шырокі спектр экалагічных тэмаў і пагрозаў, чымся звычайна.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота tut.by