З-за каронавіруса прэм’ер Ірландыі будзе працаваць лекарам
Леа Варадкар, які мае базавую медыцынскую адукацыю, будзе па сумяшчальніцтве аказваць медычную дапамогу раз на тыдзень.
Кіраўнік урада Ірландыі Леа Варадкар, які скончыў медінстытут, будзе працаваць раз на тыдзень лекарам, каб дапамагчы Нацыянальнай санітарнай службе ва ўмовах пандэміі каронавіруса. Пра гэта, у нядзелю, 5 красавіка, на сваім сайце паведаміла газета The Irish Times.
Варадкар паходзіць з сям’і медыкаў. Яго бацька — урач-тэрапеўт, а маці — медсястра. Сваю базавую адукацыю будучы прэм’ер Ірландыі атрымаў на медыцынскім факультэце дублінскага Трыніці каледжа. Дыплом тэрапеўта быў выдадзены яму ў 2010 годзе, а праз тры гады ён быў выключаны з медыцынскага рэестра, таму што сышоў у палітыку.
У канцы сакавіка Нацыянальная санітарная служба абвясціла кампанію па наборы людзей, якія маюць медыцынскую кваліфікацыю, каб забяспечыць кадравыя рэзервы ва ўмовах эпідэміі каронавіруса. Дапамагчы арганізацыі пагадзіліся 50 тысяч чалавек. Сярод іх і кіраўнік урада Ірландыі.
„Прэм’ер будзе займацца медыцынскай практыкай раз на тыдзень у адпаведнасці са сваёй кваліфікацыяй”, — гаворыцца ў публікацыі.
Першы выпадак заражэння каронавірусам новага тыпу быў выяўлены ў Ірландыі 29 лютага, а першая смерць зафіксаваная 11 сакавіка. Агульная колькасць тых, хто захварэў на тэрыторыі Ірландыі, дасягнула 4994 чалавек, а колькасць смерцяў — 158.
Разам з тым урады еўрапейскіх краін пачалі падрыхтоўку да паслаблення каранцінных мераў, якія раней увялі ў сувязі з распаўсюджваннем каронавіруса.