За адстаўку Ярмошынай падпісаліся больш за 5 тысяч чалавек
«Факт скандальнага крадзяжу галасоў выбаршчыкаў у Берасці зафіксаваны на маніторы мільёнаў выбаршчыкаў, у справаздачы міжнародных назіральнікаў, у гісторыі 25-гадовай фальсіфікацыі волевыяўлення грамадзян Беларусі”, – піша на сваёй старонцы ў Фэйсбук палітык Анатоль Лябедзька.
Нагадаю, назіральнік Юры Вашчанчук, які зафіксаваў спробу ўкіду бюлетэняў на выбарчым участку ў Берасці пазбаўлены акрэдытацыі. Як падкрэслівае Лябедзька, старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына не ўбачыла нічога супрацьпраўнага ў дзеяннях дзяўчыны, якая несла стос, меркавана складзены з бюлютэняў, а вось тое, што назіральнік зняў гэта на відэа, назвала парушэннем. Анатоль Лябедзька, які раней ініцыяваў збор подпісаў за адстаўку Ярмошынай, называе яе адвакатам крадзяжу выбараў:
– У фашысцкай Германіі была вялікая колькасць – дзясяткі і дзясяткі тыяч прапагандыстаў. Але калі вось сёння спытаць у людзей, яны назавуць адно прозвішча – Гебельс. Бо ён быў сімвалам гэтай ідэалогіі, гэтага падману. Так і ў нас. Ёсць тыя, чые прозвішчы сталі хадзячымі. Яны ўжо застануцца ў гісторыі.
На сёння на пляцоўцы change.org Петыцыю за адстаўку Лідзіі Ярмошынай падпісалі ўжо больш за 5 400 чалавек.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя