За беларускамоўныя графіці — крымінальная справа (абноўлена)
“Малады фронт” заклікае прызнаць затрыманых графітыстаў палітвязнямі. Карныя структуры беларускага рэжыму ўбачылі злачынства ў патрыятычных надпісах, якія не толькі не нясуць ніякіх экстрэмісцкіх ідэяў, але і наадварот — графіці нясуць антытаталітарную сімволіку, адзначаюць маладафронтаўцы.
Чатырох беларусаў і грамадзяніна Расеі падазраюць у нанясенні беларускамоўных графіці і абвінавачваюць у групавым хуліганстве.
Падазроным можа пагражаць да 6 гадоў пазбаўлення волі.
* * *
У Менску праваахоўныя органы пачалі крымінальную справу за беларускамоўныя графіці і за расфарбоўку сацыяльнага бігборда.
Пасля вобшукаў у Менску і Смаргонях на кватэрах падазраваных ды іх бацькоў было затрымана пяць чалавек.
Некаторых адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Усе хлопцы маюць статус падазраваных, ім пагражае да 6 гадоў зьняволеньня. Вячаслава Касінерава, Максіма Пякарскага, Яраслава Ульяненкава, яшчэ аднаго хлопца, які прасіў не называць ягонага прозвішча, а таксама грамадзяніна Расеі Паўла падазраюць ва ўдзеле ў шэрагу эпізодаў, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна». Ім прыпісваюць графіці «Беларусь мае быць беларускай» з арнаментам, перакрэсленымі сярпом і молатам, свастыкай. Таксама графіці на былой вайсковай частцы з надпісам «Рэвалюцыя свядомасьці, яна ўжо ідзе…», з сілуэтам чалавека, які кідае бутэльку з запальнай сумессю. Таксама хлопцаў падазраюць у тым, што яны запэцкалі фарбай сацыяльны банэр з выявай супрацоўнікаў міліцыі па вуліцы Гарэцкага ў Менску, што пацягнула за сабой матэрыяльную шкоду на звыш два мільёны рублёў.
Аўтараў гэтых графіці вінавацяць у наўмысных дзеяннях, якія суправаджаліся пашкоджаньнем чужой маёмасці. Пачата крымінальная справа за хуліганства, здзейсненае групай асобаў.
Беларускае Радыё Рацыя