За дзевяць месяцаў да выбараў
Лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін распавядае, у якім стане знаходзіцца беларуская апазіцыя за дзевяць месяцаў да прэзідэнцкіх выбараў.
Калі зыходзіць з таго, что прэзідэнцкія выбары-2015 пройдуць у Беларусі 15 лістапада, да часу “X” застаецца дзевяць месяцаў. Што мае на гэты час дэмакратычная грамадскасць і чаго не мае?
Сяргей Калякін: Складанае пытанне, бо апазіцыя – яна розная, і гэта не адзін суб’ект. Напрыклад, левыя сілы правялі сацыяльны форум, маюць сацыяльна-эканамічную праграму развіцця краіны і палітычных зменаў, якія могуць быць прапанаваны на выбарах беларусам. Іншыя арганізацыі, наколькі мне вядома, не распрацоўвалі такой праграмы, а калі і распрацавалі, то не прад’яўлялі грамадскасці. Калі казаць увогуле пра апазіцыю, то вопыт удзелу ў выбарах маюць усе. І сёння кожны з палітычных суб’ектаў мае тое, што мае. Баюся, што да выбараў нічога і не зменіцца ў самой структуры апазіцыі. Іншая рэч, што ў грамадстве можа змяніцца многае за дзевяць месяцаў. Таму шмат залежыць не ад таго, якім фронтам выступіць сама апазіцыя, а ад таго, што будзе адбывацца ў свеце. Знешнепалітычны накірунак будзе мець вельмі моцны уплыў на выбарах.
РР: На які вынік могуць разлічваць дэмакратычныя сілы?
Сяргей Калякін: На ўсё, што заўгодна. Ізноў-такі многае будзе залежыць ад сітуацыі ўнутры краіны, ад настроеў насельніцтва, сацыяльнага самаадчування людзей. Калі б літаральна сёння праходзілі выбары, то я не думаю, што апазіцыя магла б разлічваць на электаральную перамогу нават без уліка фальсіфікацый. А як будзе ў лістападзе?.. Паглядзім.
РР: Вы хочаце сказаць, што на фоне ўкраінскіх падзей, перамоўных працэсаў у Менску рэйтынг улады зараз умацаваўся?
Сяргей Калякін: Я не маю сацыялагічных звестак з гэтай нагоды, але, паверце, не гэта сёння хвалюе беларусаў у першую чаргу. Што ў нас – вайна ідзе? Людзей хвалюе, ці ёсць праца, які на працы заробак, і ці можна за гэты заробак апрануць-накарміць сям’ю? Нехта адкладвае на адпачынак, хтосьці збірае на кватэру… Вось што найперш хвалюе беларусаў! Пэўную частку насельніцтва, безумоўна, чапляе і канфлікт ва Украіне, яны сочаць за падзеямі, але гэта не топ-навіны для людзей. Вось павышэнне коштаў – гэта топ-навіна! Усё ў цэлым, натуральна, і паўплывае на палітычныя натроі людзей на выбарах.
РР: Асабіста вы – прыхільнік якой тактыкі на выбарах?
Сяргей Калякін: Апазіцыя як мінімум павінна выкарыстаць выбары, як інструмент для прырастання новымі людзьмі, павышэння даверу да сябе. Гэта галоўнае пры любым зыходзе кампаніі. Апазіцыя пасля выбараў павінна стаць не слабейшай, а мацнейшай. А калі пашэнціць, то можна пазмагацца і за перамогу.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота БелаПАН