За дзевяць месяцаў з Беларусі дэпартаваныя і высланыя 1.844 замежнікі
За дзевяць месяцаў гэтага года з Беларусі былі дэпартаваныя і высланыя 1.844 замежнікі, паведаміў начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун 9 кастрычніка на брыфінгу ў Менску.
Брыфінг праводзіўся з нагоды падпісання пратакола паміж прадстаўніцтвам Міжнароднай арганізацыяй па міграцыі (МАМ) і Беларуссю аб намерах супрацоўніцтва ў сферы садзейнічання добраахвотнаму вяртанню замежных грамадзян у дзяржаву грамадзянскай прыналежнасці або пастаяннага законнага пражывання. З беларускага боку дакумент падпісалі МУС і Дзяржаўны пагранічны камітэт.
Бягун адзначыў, што 786 замежных грамадзян у мінулым годзе былі дэпартаваныя, высланыя з краіны 1.058 чалавек. „У 2018 годзе было прынята 2,5 тысячы рашэнняў аб дэпартацыі або высылцы замежных грамадзян. Кожны другі адпраўляўся з Беларусі пад канвоем”, — сказаў ён.
Як паведаміў нацыянальны каардынатар праграм МАМ у Беларусі Павел Холад, пратакол аб намерах супрацоўніцтва падпісаны ў рамках праекта „Садзейнічанне Рэспубліцы Беларусь у вырашэнні праблем, звязаных з павелічэннем колькасці нерэгулярных мігрантаў”.
„Добраахвотнае вяртанне мае на ўвазе, што чалавек, які выкажа жаданне вярнуцца на радзіму, звяртаецца з адпаведнай заявай у МАМ з просьбай аказаць падтрымку ў вяртанні. Сродкі на гэта выдзяляюцца донарамі, у дадзеным выпадку Еўрапейскім саюзам, — сказаў Холад. — Гэта дазваляе эканоміць бюджэтныя сродкі краіны. Акрамя таго, чалавека не вязуць у аэрапорт пад канвоем. МАМ купляе яму білет, ён сам дабіраецца да аэрапорта, там мы правяраем, каб ён сеў на рэйс”.
Ён адзначыў, што не ўсе нерэгулярныя мігранты могуць скарыстацца гэтай праграмай. „У прыватнасці, людзі, якія, на думку МУС ці Дзяржпагранкамітэта, уяўляюць грамадскую небяспеку, не могуць быць прынятыя ў праграму”, — сказаў Холад.
Паводле слоў намесніка міністра ўнутраных спраў Ігара Мельчанкі, сёлета магчымасцямі праграмы добраахвотнага вяртання на радзіму скарысталіся 15 мігрантаў. „Такая праграма ўжо рэалізоўвалася прадстаўніцтвам МАМ сумесна з МУС у 2007—2011 гадах, — сказаў ён. — Тады садзейнічанне аказалі больш як 140 замежнікам, з якіх 35 — скарысталіся праграмай па ініцыятыве органаў унутраных спраў”.
Прадстаўніцтва МАМ таксама абвясціла пра запуск інфармацыйнай кампаніі аб праграме добраахвотнага вяртання для мігрантаў. Так, спецыяльныя брашуры на рускай, англійскай, бенгальскай, арабскай мове і фарсі будуць даступныя ў Нацыянальным аэрапорце Мінск, пагранічных пунктах пропуску, у аддзелах дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС.
Рэалізацыя пяцігадовага праекта „Садзейнічанне Рэспубліцы Беларусь у вырашэнні праблем, звязаных з павелічэннем колькасці нерэгулярных мігрантаў” пачалася ў кастрычніку 2018 года. Яго бюджэт складае 7 млн еўра. Праект фінансуецца ЕС і рэалізуецца Міжнароднай арганізацыяй па міграцыі сумесна з МУС і Дзяржпагранкамітэтам Беларусі.
Праект прадугледжвае навучанне беларускіх спецыялістаў, правядзенне юрыдычных кансультацый па адаптацыі беларускага заканадаўства да міжнародных стандартаў у сферы міграцыі, садзейнічанне добраахвотнаму вяртанню мігрантаў на радзіму, а таксама будаўніцтва двух цэнтраў для ўтрымання нерэгулярных мігрантаў.
Фота naviny.by