За мінулыя суткі ў краіны ЕС з тэрыторыі Беларусі паспрабавалі трапіць каля 130 мігрантаў



Навінавы партал Delfi са спасылкай на Службу аховы дзяржаўнай мяжы Летувы паведамляе, што за мінулы дзень на летувіскую тэрыторыю не прапусцілі больш за 50 чалавек, якія мелі намер нелегальна перайсці мяжу з боку Беларусі. Нелегалаў сустрэлі ў памежнай зоне, якая адносіцца да Швянчонскага, Шальчынінкайскага, Вільнюскага і Варэнскага раёнаў. Ніводнага чалавека ў Летуву не прапусцілі.

Паводле дадзеных Дэпартамента статыстыкі Летувы, з пачатку 2021 года ў краіне затрымалі больш за 4,1 тыс. мігрантаў, якія незаконна перасеклі мяжу з боку Беларусі. Большая частка нелегалаў — грамадзяне Ірака.

Дзяржаўная памежная ахова Латвіі паведамляе, што за мінулыя суткі прадухіленыя спробы незаконнага перасячэння латвійска-беларускай мяжы сямю замежнікамі. З 10 жніўня, калі ў сумежных з Беларуссю раёнах краіны абвясцілі надзвычайнае становішча, у Латвіі спынілі спробы нелегальнага пранікнення 749 чалавек. За гэты ж час па гуманітарных прычынах у краіну прапусцілі 25 чалавек, затрымалі 377 замежнікаў, якія нелегальна перайшлі мяжу.

Памежная служба Польшчы ў „Твітэры” паведамляе, што за мінулыя суткі 74 чалавекі зрабілі спробу нелегальна перайсці мяжу з боку Беларусі. Траіх чалавек затрымалі.

БелаПАН