За мінулыя суткі ў краіны Еўрасаюза не ўпусцілі 280 нелегальных мігрантаў з боку Беларусі
Памежная служба Польшчы паведаміла ў „Твітэры”, што 13 верасня было зафіксавана 249 спроб нелегальнага пранікнення ў краіну цераз беларускую мяжу. Затрымалі 11 грамадзян Ірака і аднаго — Конга, астатніх у Польшчу не ўпусцілі.
Акрамя таго, напярэдадні памежнікі затрымалі трох іншаземцаў, якія дапамагалі іншым незаконна пераходзіць мяжу Польшчы з Беларусі, — грамадзян Сірыі і Таджыкістана з нямецкім і польскім правам на жыхарства адпаведна, а таксама грамадзяніна Грузіі.
Партал навін Delfi са спасылкай на Службу аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведаміў, што за мінулыя суткі ў краіну не ўпусцілі прыкладна 20 мігрантаў, якія мелі намер незаконна перайсці мяжу з боку Беларусі. Адзначаецца, што іншаземцы падыходзілі да ўчасткаў літоўскай мяжы, якія адносяцца да Ігналінскага, Швянчонскага, Шальчынінкскага, Лаздзіяйскага раёнаў і Друскінінкайскага краю.
Дзяржаўная памежная ахова Латвіі на сваім сайце паведаміла, што 13 верасня былі папярэджаныя спробы незаконнага перасячэння латвійска-беларускай мяжы 19 іншаземцамі. Нікога не затрымалі.
Адзначаецца, што з 10 жніўня, калі ў сумежных з Беларуссю раёнах было ўведзенае надзвычайнае становішча, у Латвію не ўпусцілі 1.151 нелегальнага мігранта. За гэты ж час 25 чалавек прапусцілі з-за гуманітарных прычын. Усяго з пачатку года ў краіне затрымалі 377 іншаземцаў, якія незаконна перайшлі мяжу.
З-за павелічэння патоку нелегальных мігрантаў з беларускага боку Літва ўвяла рэжым экстрэмальнай сітуацыі на ўсёй тэрыторыі краіны, Латвія і Польшча — надзвычайнае становішча ў раёнах, якія мяжуюць з Беларуссю.
8 верасня прадстаўніцтва ЕС заявіла дэмарш Міністэрству замежных спраў Беларусі „ў сувязі з незаконнымі перасячэннямі мяжы з боку Беларусі ў Еўрапейскі саюз”.
„Еўрапейская служба знешніх дзеянняў сцвярджае, што назіранае 50-разовае павелічэнне нерэгулярных пераходаў мяжы з Беларусі ў ЕС не з’яўляецца адлюстраваннем няздольнасці ўладаў Беларусі выконваць свае абавязацельствы ў барацьбе з незаконнай міграцыяй і гандлем людзьмі, — гаварылася ў паведамленні на сайце прадстаўніцтва ЕС. — Для такога рэзкага росту колькасці нелегальных пераходаў мяжы на разгляданым маршруце няма аб’ектыўных прычын. ЕС асуджае выкарыстанне мігрантаў у палітычных мэтах і настойліва заклікае ўлады Беларусі спыніць гэтую практыку”.
У той жа дзень МЗС Беларусі выступіла з крытыкай дэмаршу. У знешнепалітычным ведамстве заявілі: „Спрабаваць сцвярджаць, што Беларусь нейкім чынам датычная да росту колькасці пераходаў мяжы, па меншай меры некампетэнтна і непрафесійна. Мы не маем нічога агульнага з сапраўднымі прычынамі росту патокаў міграцыі з праблемных рэгіёнаў. А вось краіны ЕС як удзельніцы вядомых кааліцый маюць да гэтага наўпростае дачыненне”.
Разам з тым у МЗС адзначылі, што Беларусь „гатовая да канструктыўнага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва з ЕС” па міграцыйнай праблематыцы. „Мяжа для нас — заўсёды лінія супрацоўніцтва, а не рознагалоссяў”, — падкрэслілі ў міністэрстве.
БелаПАН