Мікалая Статкевіча асудзілі да 15 сутак арышту
Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, яшчэ 9 жніўня ў судзе Ленінскага раёна г. Менска адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы па ч. 3 арт. 23.34 КаАП у дачыненні да апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту 3 ліпеня.
Суддзя Юлія Кавяка разглядзела справу ў адсутнасць абвінавачанага, пастанову суду Мікалай Статкевіч атрымаў па пошце.
Віна палітыка па рашэнні суду пацвярджаецца паказаннямі сведкаў-міліцыянтаў Казлова А. і Рыжанкова М., пісьмовымі матэрыяламі справы і заключаецца ў тым, што ён прыняў актыўны ўдзел у мітынгу ў складзе групы грамадзян без дазволу Менгарвыканкама 3 ліпеня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, з мэтай публічнага абмеркавання адмены ваенных вучэнняў “Захад-2017” і вызвалення палітзняволеных.
Суддзя абвясціла пастанову аб прыцягненні Мікалая Статкевіча да адміністрацыйнага арышту тэрмінам на 15 сутак, які будзе адлічвацца ад моманту затрымання. Пакуль што палітык знаходзіцца на свабодзе.
Акрамя таго, толькі зараз стала вядома, што яшчэ 5 ліпеня суддзя Наталля Драчова суду Савецкага раённа г. Менска асудзіла Мікалая Статкевіча за паўторны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу на „Ваенных могілках” (ч. 3 арт. 23.34 КаАП), што праходзіў 8 траўня, да штрафу ў 50 базавых велічынь.