За памяць пра Каліноўскага будуць судзіць і Рыгора Кастусёва
Разгляд справы пра адміністрацыйнае правапарушэнне, нібыта здзейсненае Рыгорам Кастусёвым, адбудзецца ў судзе Шклоўскага раёна 23 снежня ў 11-30. Правапарушэнне палітык, намеснік старшыні Партыі БНФ нібыта здзейсніў у час адзначэння Дня памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы 26 кастрычніка. Пра гэта палітыку паведамілі сёння раніцай з суда Шклоўскага раёну, патэлефанаваўшы яму на мабільны тэлефон і запрасіўшы з’явіцца ў суд. Яшчэ 16-га снежня міліцыянты азнаёмілі Рыгора Кастусёва з пратаколам:
– Пратакол са Свіслачы да мяне паступаў ужо раней, адразу пасля мерапрыемства ў памяць аб Каліноўскім, але Шклоўскі РАУС адправіў гэтыя дакументы назад у Свіслач, як запісана ў зваротным лісце, дакументы са Свіслачы паступілі складзеныя не зусім згодна беларускаму заканадаўству. У дадатак да пратакола былі прыкладзеныя шматлікія сведчанні, нават дыск з відэазапісам.
Рыгор Кастусёў кажа, што не лічыць сябе вінаваты. Прыгадаем, што 26 кастрычніка адбылося традыцыйнае ўшаванне памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, удзел у якім прынялі грамадскія актывісты з розных рэгіёнаў Беларусі. Ужо 11 чалавек, удзельнікаў гэтых мерапрыемстваў, прысуджаныя да штрафаў.
Беларускае Радыё Рацыя