За што назіральнікаў могуць пазбавіць акрэдытацыі?
“Назіральнікам падчас выбараў палёгкі не будзе”, – мяркуе сустаршыня аргкамітэта па стварэнні грамадскай арганізацыі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка.
Як адзначаюць праваабаронцы, днямі на пасяджэнні ЦВК старшыня камісіі Лідзія Ярмошына патлумачыла прававыя наступствы пазбаўлення назіральніка акрэдытацыі. Па яе словах, назіральнік за аднаразовае парушэнне пазбаўляецца акрэдытацыі да заканчэння выбараў і не можа быць паўторна акрэдытаваны ў якасці назіральніка ў гэтай жа выбарчай камісіі.
Віктар Карняенка: Калі назіральніка за аднаразовае парэшэнне будуць пазбаўляць акрэдытацыі, то гэта яшчэ адна палёгка старшыням камісій у дачыненні да назіральнікаў. Хоць і раней хапала ўсялякага – выдалялі з нагоды і без яе. Быў выпадак, калі назіральніка выдалялі толькі таму, што… у яго роце была жуйка. Ну, хіба не смех?! Гэта проста самадурства, якое зараз Цэнтрвыбаркам спрабуе ўвесці ў ранг закона. Зрэшты, нічога дзіўнага тут няма, хоць гэта ніякім чынам не паўплывае на працу нашых назіральнікаў. Як актыўна працавалі на выбарах, так будзем працаваць і зараз. Калі будуць выдаляць нашых людзей, факты зафіксуем, як яшчэ большы адыход ад дэмакратызацыі выбарчай сістэмы.
РР: Магчыма, назіральнікам на некаторых выбарчых участках дазволяць прыняць удзел у падліку галасоў?
Віктар Карняенка: Думаю, што не. Не для тага стваралася сістэма правядзення выбараў, каб яе зараз нейкім чынам разбурыць. Не так даўно я быў на выбарах у Швецыі, там у заканадаўстве наогул не ўзгадваецца статус назіральніка. Але гэта ніякім чынам не ўплывала на нашыя магчымасці. Старшыні камісій з задавальннем прымалі нас, ніхто не здзіўляўся нашаму з’яўленню, нам не перашкаджалі працаваць. Калі ўсё ў межах закона – то і хаваць няма чаго. Можаце нават сесці за стол і дапамагчы лічыць галасы. Так што ў нас справа нават не ў законе, а ў тым, што, напэўна, нехта штосьці хоча схаваць.
РР: За што ў нас назіральнікі могуць атрымаць парушэнні?
Віктар Карняенка: Я думаю, што яны не могуць атрымліваць ніякія парушэнні. Назіральнікі для таго, каб звяртаць увагу старшыні камісіі на тыя ці іншыя парушэнні. Гэта нармальная практыка, якія тут праблемы? Проста ў нас участковыя камісіі ўзведзены ў ранг “міжсабойчыка”, якому ні ў якім разе нельга ўказваць і перашкаджаць. Але хачу адзначыць, што ўчастковая камісія – гэта палітычны орган, дзе вырашаюцца палітычныя праблемы. І людзі павінны ведаць, якім чынам выбаршчык прагаласаваў. А ў нас гэтыя камісіі пераўтвараюцца ў працоўныя калектывы, якім быццам бы перашкаджаюць працаваць. І гэта яшчэ раз пацвярджае, што ў нашым выбарчым заканадаўстве нічога не змяняецца. Дарэмна Захад чакае рэальных крокаў у бок дэмакратычных выбараў. Хоць нейкія касметычныя змены, магчыма, і пакажуць, але яны ніякім чынам не паўплываюць на выбарчы працэс. І назіральнікам падчас выбараў палёгкі не будзе.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя