За што “прэсавалі” Вячаслава Сіўчыка?
Праваабаронца Алег Волчак распавядае, чаму ў апошні час узмацніліся рэпрэсіі ў дачыненні да апанентаў улады.
Як вядома, 19 красавіка судзілі лідара руху салідарнасці „Разам” Вячаслава Сіўчыка. Палітык быў напярэдадні затрыманы міліцыяй у тры гадзіны ночы, яго абвінавачвалі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаванні патрабаванням міліцыі.
У выніку суд Цэнтральнага раёна Менска вярнуў на дапрацоўку пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні, складзеныя ў дачыненні да актывіста апазіцыі.
Між тым, паводле інфармацыі праваабаронцаў, апошні раз актывістаў затрымлівалі з прымяненнем фізічнай сілы сёлета ў студзені.
Алег Волчак: Не ведаю, ці ёсць тут паралелі, але гісторыя з Вячаславам Сіўчыкам адбылася амаль адразу пасля таго, калі беларуская дэлегацыя абмеркавала ў Вашынгтоне пытанне крэдыту для Беларусі ад Міжнароднага валютнага фонда. Як вядома, бакі дамовіліся дапрацоўваць умовы новай крэдытнай праграмы, а значыцца грошы МВФ пакуль не “свецяць”. Не выключаю, што ўлады і вырашылі паказаць Захаду, што ў выпадку неатрымання грошай так званая лібералізацыя можа скончыцца. Пасля збіцця журналіста ў судзе ў студзені гэтага года гэта ўжо другі выпадак, калі сілавікі дзейнічаюць жорстка. Не было ніякай нагоды ў іх дзейнічаць так супраць чалавека, які проста ішоў дадому. А, магчыма, улады вырашыла “прэсануць” Сіўчыка яшчэ і за тое, што ён увайшоў у склад аргкамітэта па правядзенні Кангрэса дэмакратычных сілаў, каб запалохаць арганізатараў мерапрыемства. І нават не столькі іх запалохаць, як тых, хто будзе далучацца да ініцыятывы.
РР: Але міліцыя наведалася не толькі да Вячаслава Сіўчыка, але і да іншых актывістаў. Некаторыя мяркуюць, што такім чынам з імі стараюцца правесці “прафілактычныя мерапрыемствы” напярэдадні “Чарнобыльскага шляху”.
Алег Волчак: І такое нельга выключаць, бо практыка прэвентыўных затрыманняў адпрацавана ўжо даўно. Безумоўна, для ўлады было б лепш, каб актывісты напярэдадні мерапрыемства былі нейтралізаваны.
РР: Але да вялікіх рэпрэсій зараз справа не даходзіць, ці не так? Няма, напрыклад, арыштаў, масавых затрыманняў падчас акцый…
Алег Волчак: Вялікіх рэпрэсій няма, але ўсё роўна застаецца нейкая напружаная сітуацыя. Сілавікоў стрымліваюць, але тыя раз-пораз даюць волю сваім “пачуццям”. Паўтаруся, сітуацыя з Сіўчыкам ні ў якія вароты не лезе. Думаю, праваабаронцы павінны падняць гэтае пытанне на сустрэчы ў Бруселі, якая адбудзецца ў чэрвені гэтага года. Еўропа ўсё ж павінна валодаць поўнай інфармацыяй пра тое, што сёння адбываецца ў Беларусі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя