За тры дні датэрмінова прагаласавала больш за 18% выбаршчыкаў
У Беларусі за тры дні датэрміновага галасавання, 13—15 лютага, яўка на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў 28-га склікання склала 18,73%, сведчаць даныя Цэнтрвыбаркама. У першы дзень датэрміновага галасавання ў Беларусі сваю волю выявілі 4,44% выбаршчыкаў, у другі — 11,06%.
Паводле даных ЦВК, за тры дні ў Брэсцкай вобласці прагаласавала 16,27% выбаршчыкаў, у Віцебскай — 19,67%, Гомельскай — 19,49%, Гарадзенскай — 16,81%, Менскай — 19,56%, Магілёўскай — 20%, у Менску — 18,92%.
На папярэдніх мясцовых выбарах, якія адбыліся ў сакавіку 2014 года, за тры дні датэрмінова прагаласавала 16,79%, (у першы дзень — 3,82%, за два — 9,8%).
Датэрміновае галасаванне працягнецца да 17 лютага. У самім галасаванні могуць узяць удзел больш як 6,9 млн выбаршчыкаў.
Паводле заканадаўства для прызнання мясцовых выбараў сапраўднымі парог яўкі выбаршчыкаў не ўсталяваны. Выбары будуць прызнаныя пры любой колькасці прагаласаваўшых.
Дэпутаты будуць абраныя ў 1.309 мясцовых саветаў па 18.111 акругах. Кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў зарэгістравана больш як 22.278 чалавек. З іх 10.946 — жанчыны, 10.362 — дэпутаты дзейнага склікання, 1.169 — грамадзяне ва ўзросце да 30 гадоў, 33 — грамадзяне Расеі. Партыйным з’яўляецца 1.051 кандыдат.
Апазіцыйныя палітычныя партыі і арганізацыі неаднаразова заяўлялі, што мясцовыя выбары 2018 года ў Беларусі з’яўляюцца несвабоднымі і недэмакратычнымі. Пры гэтым кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына каля двух тыдняў таму сказала ў інтэрв’ю БелаПАН, што „сённяшні Выбарчы кодэкс дазваляе правесці альтэрнатыўныя і дэмакратычныя выбары”.
15 лютага пасля галасавання кіраўнік ЦВК заявіла, што высокая яўка на мясцовых выбарах абумоўленая законнай стымуляцыяй выбаршчыкаў з боку ўлады.
Асноўны дзень галасавання на мясцовых выбарах — 18 лютага. БелаПАН