За восем месяцаў поўнамаштабнай вайны Расея выкарыстала супраць Украіны амаль 4,5 тысячы ракет
Як мінімум два чалавекі загінулі ў Дняпры ў выніку расейскай атакі, паведаміў мэр горада Барыс Філатаў. Каля 21:00 у Днепрапятроўскай вобласці была абвешчана паветраная трывога, пазней у сацсетках паведамілі пра гукі выбухаў у Дняпры.
Начальнік Абласной вайсковай адміністрацыі Валянцін Рэзнічэнка ўдакладніў, што ў выніку атакі пацярпелі яшчэ тры чалавекі.
«У Дняпры расейцы забілі двух чалавек, яшчэ трох паранілі. Такія папярэднія дадзеныя пасля вячэрняй атакі на горад. Праціўнік нацэліўся на адзін з раёнаў Дняпра. Ад удару ўзнік пажар на АЗС», — напісаў ён у Тэлеграме.
Паводле прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, за восем месяцаў поўнамаштабнай вайны Расея выкарыстала супраць Украіны амаль 4,5 тысячы ракет. Апошнім часам расейскія войскі ўзмацнілі абстрэлы энергетычнай інфраструктуры Украіны. Гэтыя атакі наносяць значныя шкоды і прычыняюць цывільныя ахвяры.
Беларускае Радыё Рацыя