Забарона на выезд за грамадскую актыўнасць



Абмежаванне закранула баранавіцкага дзеяча Зміцера Палойку. Пасля прыезду з Украіны ў Баранавічы грамадскі актывіст быў затрыманы міліцыяй і супрацоўнікамі КДБ на вакзале. На яго склалі адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

Суд неадкладна прызнаў яго вінаватым і пакараў 10 суткамі арышту за дробнае хуліганства. 21 снежня ўначы Зміцер Палойка быў вызвалены. Толькі сёння ён атрымаў пастанову суда аб сваім арышце, – кажа баранавіцкі праваабаронца Сяргей Гоўша.

– Я сёння як раз хадзіў у суд. Напісалі заяву і ад іх забралі пастанову суда па яго справе. Таму што, як яго судзілі, яму павінны былі даць пастанову, але не далі. І гэта незаконна. Яе мы забралі толькі сёння. Я яшчэ напісаў у судзе скаргу на старшыню суда, за тое, што ён судзіў, а справу не перадаў у канцылярыю. А сам сышоў у адпачынак.

Праваабаронцы паведамляюць, што падчас арышту на актывіста ціснулі супрацоўнікі КДБ, якія высвятлялі абставіны яго знаходжання ва Украіне. КДБ цікавілі прычыны з’яўлення ягонага прозвішча ў спісе ўкраінскага добраахвотнага батальёна “Данбас”.

Нягледзячы на вызваленне, Зміцер Палойка надалей абмежаваны ў сваіх правах. Яму забаронена пакідаць тэрыторыю Беларусі.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя