Заблакаваны выбарчы фонд Віктара Бабарыкі



Разліковы рахунак Віктара Бабарыкі са сфармаваным выбарчым фондам заблакаваны, паведамілі ў штабе патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты.

„17 чэрвеня 2020 года пры спробе ажыццяўлення плацяжоў за кошт сродкаў выбарчага фонду супрацоўнікі ААБ „Беларусбанк” паведамілі, што разліковы рахунак Віктара Бабарыкі, на якім знаходзіцца сфармаваны выбарчы фонд, заблакаваны — арыштаваныя расходныя аперацыі па рахунку. Дакументы, якія пацвярджаюць арышт альбо наяўнасць іншых падстаў для абмежавання распараджэння сродкамі выбарчага фонду, пададзены не былі”, — удакладняюць ў штабе Бабарыкі.

На разліковым рахунку знаходзяцца грошы выбарчага фонду — больш за 100 тысяч рублёў. „Забарона на распараджэнне гэтымі сродкамі не дазваляе ў поўнай ступені рэалізаваць выбарчыя правы. На неправамернасць такой забароны будзе звернутая ўвага ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў: намі будуць падрыхтаваныя і пададзеныя адпаведныя скаргі”, — падкрэслілі ў штабе.

Разам з тым там адзначылі, што арышт сродкаў выбарчага фонду не адаб’ецца на наяўнай дзейнасці. „У штабе і на пікетах па зборы подпісаў працуюць валанцёры, члены ініцыятыўных груп, якія не атрымліваюць якога-небудзь узнагароджання. Усе сабраныя подпісы будуць належным чынам верыфікаваныя і пададзеныя ў адпаведныя выбарчыя камісіі”, — растлумачылі ў камандзе Бабарыкі.

Паводле звестак штаба прэтэндэнта, за яго вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты сабрана 368 тыс. подпісаў, праверана 339 тыс., здадзена ў выбарчыя камісіі 168 тыс. Штаб мае намер здаць увогуле 380 тыс. подпісаў.

11 чэрвеня ў галаўным офісе „Белгазпрамбанка”, які Віктар Бабарыка ўзначальваў прыблізна 20 гадоў і пакінуў у сувязі з удзелам у прэзідэнцкай кампаніі, а таксама шэрагу іншых кампаній прайшлі вобшукі.

Аляксандр Лукашэнка 12 чэрвеня заявіў, што КДК правярае „Белгазпрамбанк” паводле яго даручэння. Пры гэтым ён сцвярджае, што ніякай палітычнай падаплёкі ў гэтай справе няма.

17 чэрвеня кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Дзірк Шубель заявіў БелаПАН, што ў ЕС „занепакоеныя нядаўнімі дзеяннямі, распачатым супраць Віктара Бабарыкі”, і заклікаюць „да поўнага захавання законнасці і празрыстага расследавання”.

belapan.by

Фота: Gazetaby.com