Закабаленне беларусаў працягваецца
Аляксандр Лукашэнка штосьці вельмі часта турбуецца нелегальнымі даходамі грамадзянаў Рэспублікі Беларусь. На думку сустаршыні аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Віталя Рымашэўскага, гэта сведчыць пра тое, што апазіцыя, дэмакратычная супольнасць і журналісты вельмі мала звярталі ўвагу на маёмасць, набытую сям’ёй самога Лукашэнкі і яго бліжэйшым атачэннем. Так палітык каментуе ініцыятыву ўладаў караць так званых «дармаедаў» – ухіленцаў ад працы:
– У Рэспубліцы Беларусь не створаныя працоўныя месцы. Людзі вымушаныя ехаць батрачыць у іншыя краіны, дзе яны таксама не атрымліваюць звышдаходаў. І замест таго, каб наш урад патурбаваўся пра абарону гэтых людзей (неаднаразова з’яўлялася інфармацыя, што яны гінуць, трапляюць у рабства), прапануецца ўвесці яшчэ супрацьзаконныя паборы. Гэтая тэндэнцыя сведчыць пра тое, што беларускія ўлады не спыняюцца. Беларускае грамадства паказвае, што яно не здольнае да супраціву, то ўлады не спыняцца, усё больш і больш закабаляючы беларускіх грамадзянаў.
Віталь Рымашэўскі падкрэсліў, што па Канстытуцыі нельга прымушаць грамадзянаў да працы. Прыгадаем, беларускія ўлады сёлета ўсё часцей вяртаюцца да ідэі вышукваць і караць тых, хто ўхіляецца ад афіцыйнай працы і не плаціць падаткі ў бюджэт, пры гэтым карыстаючыся ільготамі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Лента.ру