Заканадаўства пра масавыя мерапрыемствы зменяць?



У Беларусі можа быць змененае заканадаўства пра масавыя мерапрыемствы.

На афіцыйным прававым партале pravo.by апублікаваны законапраект ад Савета міністраў, у якім прапісаны заяўны прынцып правядзення масавых мерапрыемстваў.

Паводле намесніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіля Палякова, улада ідзе на змяненне законаў пад ціскам Захаду:

– Зараз кіраўніцтва Беларусі вядзе гульню з Захадам, паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека, у першую чаргу з правам на свабоду сходаў, вельмі актуальнае пытанне, гэта тое пытанне, якое заўсёды ставіцца заходнімі партнёрамі. Таму ўлады відаць вырашылі зрабіць такі крок, каб падкрэсліць сваю гатоўнасць да супрацы.

Цяпер у Беларусі дзейнічае дазваляльны прынцып правядзення масавых мерапрыемстваў, згодна з якім арганізатары акцый і пікетаў абавязаныя атрымаць дазвол ад органаў выканаўчай улады. На практыцы гэта азначае амаль поўную забарону свабоды сходаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель