“Захад-2017”: Беларусь – супакойвае, суседзі – хвалююцца



Уладзімір Макей супакойвае краіны NATO. Міністр замежных спраў Беларусі ў інтэрв’ю  для тэлеканала “Мір” адзначыў, што “Беларусь — гэта адзіная дзяржава на постсавецкай прасторы, дзе не было ніякіх узброеных канфліктаў і якая не мае ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій”.

Макей прыгадаў выказванні прадстаўнікоў дзяржаў — краін NATO, якія мяжуюць з Беларуссю, пра заклапочанасць будучымі беларуска-расійскімі вучэннямі «Захад-2017». І заявіў, што з беларускага боку ніколі не сыходзіла пагроза, і што Беларусь наадварот уносіць уклад у забяспечэнне стабільнасці ў рэгіёне.

Эксперт-міжнароднік Андрэй Фёдараў, каментуючы сітуацыю, кажа, што асцярогі замежных дзяржаў можна зразумець:

Я, канешне, не зусім упэўнены ў тым, што гэта можа мець месца, што расейскія вайскоўцы застануцца тут. Але і выключыць гэтага не магу. Расейскія ўлады настолькі непрадказальныя, што мы не ведаем, як могуць развівацца падзеі бліжэйшым часам, да восені, і што там адбудзецца да верасня. Адпаведна не можам ведаць таго, якія настроі будуць у Масквы адносна Беларусі. Тое, што Крэмль рабіў апошнія гады, абсалютна не дае падставаў для таго, каб быць спакойнымі. Хвалявацца, на мой погляд, усё роўна трэба.

Каментуючы верагоднасць таго, што пасля вучэнняў “Захад-2017” расейскія вайскоўцы могуць застацца на тэрыторыі Беларусі, эксперт дадаў:

– Ад Беларусі тут не шмат залежыць, усё залежыць ад далейшых адносінаў паміж Захадам і Расеяй. Калі гэтыя адносіны будуць надалей псавацца, то я зусім не выключаю такіх магчымасцяў.

Напярэдадні ў Эстоніі заявілі, што ў Беларусі могуць застацца тысячы расейскіх вайскоўцаў. Пра гэта заявіў эстонскі міністр абароны Маргус Цахкна. Вайскоўцы прыбудуць для ўдзелу ў вучэннях “Захад-2017” і застануцца. Міністр падкрэсліў, што гэта меркаванне Эстоніі і шэрагу краін-чальцоў NATO. Яно грунтуецца на дадзеных спецслужбаў. “Для расейскіх салдат, якія накіруюцца ў Беларусь, гэта білет у адзін канец”, — цытуе словы эстонскага міністра агенцтва Reuters.

Таксама гэтае пытанне ўздымалася падчас сустрэчы беларускага і ўкраінскага лідараў 26 красавіка. Паводле Пятра Парашэнкі, Аляксандар Лукашэнка запэўніў яго ў тым, што расейска-беларускія вайсковыя вучэнні «Захад-2017» не будуць падрыхтоўкай да ўварвання ва Украіну. “У мяне няма ніякіх сумневаў у выключна добрых намерах Беларусі, але яна ў саюзніцкіх стасунках з Расеяй. А да Масквы ў нас даверу зусім няма”, — дадаў прэзідэнт Украіны.

Раней свае засцярогі выказала Літва. “Запланаваныя расейска-беларускія вучэнні “Захад-2017” дэманструюць падрыхтоўку гэтых краін да вайны з Захадам”, – лічыць прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ. “Мы бачым, што пагрозы розныя, яны ўзрастаюць, у тым ліку мы з непакоем чакаем вучэнняў “Захад-2017″, падчас якіх канцэнтруюцца вельмі шматлікія і агрэсіўныя сілы, ідзе дэманстратыўная падрыхтоўка да вайны з Захадам”, — заявіла Грыбаўскайтэ прадстаўнікам СМІ ў Рызе, паведаміў партал ru.delfi.lt.

Беларусь і Расея праводзяць сумесныя стратэгічныя вучэнні “Захад” кожныя чатыры гады, пачынаючы з 2009 года, па чарзе на беларускай і расейскай тэрыторыі. У межах вучэнняў 14-20 верасня беларускія і расейскія войскі будуць разгорнутыя на тэрыторыі ад крайняй Поўначы Расеі да Беларусі. Міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў паведаміў, што ў Беларусь для ўдзелу ў вучэннях прыбудуць каля 3000 расейскіх вайскоцаў і 280 адзінак тэхнікі.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота sputnik.by