Захад завяжа выдачу крэдытаў з палітычнай сітуацыяй у Беларусі, лічаць эксперты
Калі выбарчая кампанія ў Беларусі завершыцца разгонам акцый пратэстаў і затрыманнем кандыдатаў у прэзідэнты, заходнія краіны адмовяцца фінансаваць Беларусь. Такое меркаванне выказалі БелаПАН эксперты, каментуючы ўплыў палітычнай сітуацыі ў краіне на магчымасць прыцягнення заходняга фінансавання.
Як паведамлялася, беларускія ўлады ў сувязі з пандэміяй запыталі ў Міжнароднага валютнага фонду, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, Сусветнага банка і Еўрапейскага інвестыцыйнага банка фінансавую падтрымку на агульную суму да 2,5 млрд даляраў.
„Пры прыняцці рашэнняў у МВФ кантрольны пакет галасоў прыходзіцца на ЗША, Еўрасаюз і краіны, у якіх партнёрскія адносіны з Еўразвязам. Іх гатоўнасць ухваліць выдзяленне фінансавання Беларусі будзе залежаць ад таго, як у нас пройдзе выбарчая кампанія”, — адзначыў фінансавы аналітык Аляксандр Муха.
Эксперты звяртаюць увагу, што пасля рэзанансных падзей падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года Захад заблакаваў выдзяленне Беларусі фінансавання.
„Калі сёлета паўторацца падзеі 2010 года і мы ўбачым брутальны разгон людзей на плошчы, а таксама затрыманне кандыдатаў у прэзідэнты, то прыцягнуць заходняе фінансаванне краіне будзе вельмі складана”, — выказаў меркаванне старшы аналітык „Альпары Еўразія” Вадзім Іосуб.
Прыцягнуць альтэрнатыўнае заходняму фінансаванне ў гэтым выпадку будзе таксама няпроста, лічаць эксперты.
„У выпадку з’яўлення новых палітычных зняволеных у краіне знешнія запазычанні для Беларусі на міжнародным рынку капіталу могуць стаць прыкметна даражэйшымі, улічваючы да таго ж пагаршэнне доступу да гэтага рынку з-за пандэміі”, — лічыць Муха.
Аналітыкі міжнароднага рэйтынгавага агенцтва Fitch Ratings у маі паведамілі, што Беларусь вядзе перамовы аб прыцягненні двух кітайскіх пазык.
„Аднак калі іншыя крэдыторы не стануць выдзяляць фінансаванне Беларусі, то Кітай можа заняць асцярожную пазіцыю”, — мяркуе Муха.
Шанцы Беларусі прыцягнуць расійскае фінансавання таксама невялікія, лічаць эксперты. Аналітыкі звяртаюць увагу, што з мінулага года Расія не выдзяляе Беларусі сродкаў на рэфінансаванне плацяжоў па дзярждоўгу, а любую фінансавую дапамогу нашай краіне ўвязвае з тэмай „паглыблення інтэграцыі”.
„Стасункі з Расіяй сапсаваныя, ісці на больш цесную інтэграцыю не хочацца, а без гэтага ўсходні сусед адмаўляецца выдзяляць нам фінансавую дапамогу. Таму калі мы яшчэ застанемся і без заходняга фінансавання, то можа здарыцца сітуацыя, калі нам не будзе дзе асабліва перакрэдытавацца”, — рэзюмаваў Іосуб.
belapan.by