Захаваць 30% старога парламента: пажаданне ці загад?
Cустаршыня аргкамітэта па стварэнні грамадскай арганізацыі „За справядлівыя выбары” Віктар Карняенка мяркуе, што вынікі парламенцкіх выбараў можна амаль дакладна спрагназаваць ужо сёння.
Падчас паслання парламенту і народу Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў новым скліканні парламента павінна застацца каля 30 адсоткаў ад старога.
Віктар Карняенка: Мяркую, калі Лукашэнка сказаў, каб у новым парламенце засталося 30 адсоткаў ад старога, то так яно і будзе. У гэтым плане вынікі парламенцкіх выбараў можна амаль дакладна спрагназаваць ужо сёння. Гэта нават не пасыл, а інструкцыя, якая будзе рэалізавана. Упэўнены, што заданне партыі будзе выканана.
РР: А што з астатнімі 70 адсоткамі? Можа, там знойдзецца некалькі месцаў і для прадстаўнікоў апазіцыі?
Віктар Карняенка: Знойдзецца, але толькі ў тым выпадку, калі фігуры будуць на 100 адсоткаў кіруемыя. І такія перспектывы ў нас ёсць. Стоадсоткава кіруемая так званая апазіцыя можа атрымаць месцы ў парламенце. А ўсе тыя, хто так ці інакш, але будуць выклікаць пэўныя сумненні, ні ў якім разе не атрымаюць месца ў парламенце. Гэта выключана.
РР: А экс-кандыдатка ў прэзідэнты Таццяна Караткевіч можа стаць “кіруемай апазіцыяй” і атрымаць мандат?
Віктар Карняенка: На мой погляд, яна і ёсць кіруемая апазіцыя, а наконт мандата – пытанне спрэчнае. Караткевіч у апошні час дадае ў сваёй рыторыцы апазіцыйнасці. Мабыць, нават пераіграла саму сябе, таму гэта можа выклікаць ва ўлады раздражэнне. І, магчыма, улада зразумее, што Захад не “купіцца” на такую “апазіцыйную фігуру”. Такая роля ў свой час адводзілася Гайдукевічу, але яго ўжо дакладна ніхто не ўсур’ёз не ўспрымае.
РР: Некаторыя мяркуюць, што, каб паскорыць атрыманне крэдыту, ва ўладаў з’явіцца спакуса паказаць дэмакратычнасць выбараў, а таму апазіцыя ўсё-такі будзе прадстаўлена ў парламенце.
Віктар Карняенка: Некалі, перад распадам Саюза, таксама захацелі спадабацца Захаду і, што называецца, выпусцілі джына з бутэлькі. Сёняшняя беларуская ўлада разумее, што, як толькі будзе зроблены крок у дэмакратызацыі выбарчага працэса, то гэтую самую ўладу можна згубіць. Зыходзячы з гэтага, і будзе далей пускацца пыл у вочы Захаду.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя