Заклік Ціханоўскай, які прагучаў на форуме Каліноўскага ў Вільні, знайшоў водгук
Галоўны пасыл выступу Святланы Ціханоўскай на форуме – беларусы патрабуюць міжнароднай дапамогі для арганізацыі перамоў па мірнай перадачы ўлады ў краіне. Яна адзначыла, што мы можам і самі, але часу мала, бо рушацца лёсы людзей. Ціханоўская падкрэсліла, што на анлайн-платформе “Голас” за такія міжнародныя перамовы ўжо выказаліся больш за 650 тысяч чалавек. Дарадца Ціханоўскай па міжнародных пытаннях Франак Вячорка раней казаў, што перамовы павінны пачацца ў траўні, а “наша мэта — выбары ў 2021 годзе”.
Заклік Ціханоўскай знайшоў водгук. Так, вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль падкрэсліў, што ЕЗ цалкам падтрымлівае беларускі народ у яго памкненні да дэмакратыі, гатовы да ўвядзення дадатковых санкцый і перагледзеў свае адносіны з афіцыйным Менскам, у тым ліку спыніўшы фінансавую падтрымку цэнтральных уладаў. Пасол ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр заявіла, што Злучаныя Штаты гатовы дапамагчы арганізаваць выбары ў Беларусі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, калі паўстане такая неабходнасць. ЗША падтрымліваюць прапанову АБСЕ па садзейнічанню нацыянальнаму дыялогу, які прывядзе да свабодных і справядлівых выбараў – падкрэсліла Фішэр. У сваю чаргу прэзідэнт Парламенцкай асамблеі АБСЕ Пітэр Боўнэс сказаў, што кіраўніцтва АБСЕ гатовае наведаць Менск, каб садзейнічаць арганізацыі дыялогу паміж уладамі і апазіцыяй. Падводзячы вынік, можна сказаць, што з міжнароднай падтрымкай у ініцыятывы Святланы Ціханоўскай усё ў парадку. Праблема палягае ў тым, што, як гаворыцца, “для танцу патрэбныя двое”, а з боку афіцыйнага Менску ніякіх намёкаў нават на магчымасць такога дыялогу не назіраецца. Больш за тое, улады рыхтуюць шэраг заканадаўчых змен, якія маюць яшчэ больш ускладніць і сітуацыю незадаволеных уладамі беларусаў, і адвакатаў, якія іх абараняюць у судах. Выступаючы ў Хатыні ўвечары 21 сакавіка, Лукашэнка ў чарговы раз увязаў бел-чырвона-белы сцяг з генацыдам беларускага народа, а па ўсёй краіне працягваецца судовы пераслед грамадзян. А да нейкага пачатку перамоўнага працэсу ўлады павінны спыніць гвалт і вызваліць усіх палітычных вязняў.
Не хачу быць песімістычнай, і асабіста падтрымліваю ўсю працу, якую праводзіць Святлана Ціханоўская, у тым ліку мабілізуючы пратэставы патэнцыял, але заявы пра выбары ў 2021 годзе ўспрымаю з вялікай стрыманасцю.
Яна Запольская, Беларуская Радыё Рацыя.
Фотаздымак з фэйсбука Францішка Вячоркі.