„Закон і Справядлівасць“ патрабуе адстаўкі Сікорскага



Польская апазіцыйная партыя „Закон і Справядлівасць“ патрабуе адстаўкі спікера польскага Сейму Радаслава Сікорскага.

Гэта наступства інтэрв’ю, якое Сікорскі даў амерыканскаму парталу Політіко, і ў якім сказаў, што Уладзімір Пуцін прапанаваў прэм’ер-міністру Польшчы ў 2008 годзе супольны падзел Украіны.

Гаворыць лідар партыі Яраслаў Качыньскі:

Партыя „Закон і Справядлівасць“ унёсла прапанову пра адстаўкі спікера польскага Сейму Радаслава Сікорскага. Не можа браць удзел у польскім палітычным жыцці чалавек, які ў мінулым пачуў і не паведаміў пра пачутае міжнароднай супольнасці.

Паводле Яраслава Качыньскага, пасля такой прапановы міністр замежных спраў Польшчы, якім у той час быў Радаслаў Сікорскі, меў абавязак найперш паведаміць пра гэта прэзідэнту (якім у 2008 годзе быў Лех Качыньскі), а таксама саюзнікам Польшчы ў НАТО ды Еўразвязе.

Прэм’ер-міністр Польшчы Эва Копач папрасіла прабачэння ў прадстаўнікоў СМІ за маршалка Сейму Радаслава Сікорскага.

Падчас прэс-канферэнцыі Сікорскі меў адказаць на пытанні журналістаў адносна прапановы Пуціна пра падзел Украіны, аднак палітык ухіліўся ад адказаў, і спаслаўся толькі на інтэрв’ю, якое ён даў аднаму з польскіх парталаў.

Такое стаўленне прэм’ер Эва Копач лічыць недапушчальным:

– Чакалі канкрэтных адказаў на пытанні, але гэтага не адбылося. Лічу такія паводзіны недапушчальнымі. Сітуацыя нетыповая.

Радаслаў Сікорскі ў інтэрв’ю аднаму з амерыканскіх парталаў паведаміў, што ў лютым 2008 году,  падчас афіцыйнай сустрэчы ў Маскве, Уладзімір Пуцін намякнуў прэм’еру Дональду Туску пра супольны падзел Украіны.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя