Законапраект аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы
Грамадскае аб’яднанне „Таварыства беларускай мовы” плануе ўнесці ў Палату прадстаўнікоў законапраект аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ўжо восенню. Пра гэта паведаміла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім 27 чэрвеня ў Менску на прэс-канферэнцыі, прысвечанай 30-годдзю ТБМ.
„Асноўная задача законапраекта — кантроль за тым, каб на месцах выконвалася Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь у тым, што тычыцца дзяржаўнай беларускай мовы. Гэтым законам мы забяспечым выкарыстанне беларускай мовы ў шыльдах, назвах вуліц, штампах арганізацый, каб было рэальнае двухмоўе”, — сказала Анісім, адказваючы на пытанне БелаПАН.
Паводле слоў намесніка кіраўніка ТБМ Дзяніса Тушынскага, праект закона быў падрыхтаваны некалькі гадоў таму. Летась былі падрыхтаваныя істотныя праўкі, асноўная задача якіх была адаптаваць законапраект да патрабаванняў заканадаўства. Анісім прапанавала зменены законапраект у Палату прадстаўнікоў і шэраг міністэрстваў, адкуль былі атрыманыя адмоўныя адказы. У прыватнасці, Мінюст адказаў, што ёсць супярэчнасці з некаторымі ўказамі прэзідэнта і іншымі нарматыўна-прававымі актамі.
„Неўзабаве збярэм працоўную групу, якая хутка зможа адаптаваць законапраект да патрабаванняў Мінюста. Спадзяемся, што праект трапіць на разгляд Палаты прадстаўнікоў ужо гэтай восенню”, — растлумачыў Тушынскі.
„Асноўнае новаўвядзенне — гэта дзяржпраграмы па падтрымцы беларускай мовы. Іншы момант, гэта стварэнне кантрольна-рэвізійнага органа, дэпартамента беларускай мовы. Гэта выклікае больш пярэчанняў, і тут будзем сур’ёзна думаць. Трэцяе — гэта забеспячэнне рэальнай роўнасці моваў. Ва ўсіх сферах павінна быць прапісана, як павінна выкарыстоўвацца беларуская мова”, — сказаў на заканчэнне Тушынскі.
belapan.by