Законапраект аб гарантыях экс-прэзідэнтам не прыняты да разгляду
Законапраект дэпутаткі Ганны Канапацкай пра гарантыі былым прэзідэнтам не быў прыняты да разгляду Палатай прадстаўнікоў.
Пра гэта Канапацкая паведаміла officelife.media. Па яе словах, яна выканала ўсе працэдуры.
Нагадем, праект закона, сярод іншага, прадугледжваў выплату штомесячнай пенсіі былому кіраўніку дзяржавы ў памеры 75% ад яго зарплаты, прызначэнне пенсіі членам яго сям’і пасля яго смерці. Таксама экс-прэзідэнту прапаноўвалася пакінуць адну з дзяржаўных рэзідэнцый і дазвол карыстацца ўрадавай сувяззю.
Таксама Ганна Канапацкая прапанавала забяспечыць былому дзяржаўнаму лідару гарантыі недатыкальнасці і пазбавіць яго ад адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу за дзеянні, учыненыя падчас займання прэзідэнцкай пасады.
Мяркуецца, што афіцыйная прычына таго, што дакумент не прыняты да разгляду, брак часу. Паўнамоцтвы палаты гэтага склікання заканчваюцца. 5 снежня кіраўнік краіны сустрэнецца з дэпутатамі, а 6 снежня ўжо пачнецца сесія новага склікання.