Закрыццё ўкраінскага неба для Расеі выгаднае Беларусі
Украінскі ўрад забараніў палёты расейскіх авіякампаній над Украінай. Такое рашэнне агучыў кіраўнік украінскага Урада Арсеній Яцэнюк.
Гэта чарговы крок у авія-супрацьстаянні, якое пачалося ад узаемнай забароны авіяперавозак між Украінай і Расеяй. Як адзначаў у сваім артыкуле ў «BelarusDigest» былы дыпламат, эксперт Цэнтра Астрагорскага, Ігар Губарэвіч, Беларусь у чарговы раз можа атрымаць выгоды ад абвастрэння на лініі Масква-Кіеў. Забарона транзітных пералётаў таксама можа прынесці некаторыя фінансавыя выгоды Менску:
Ігар Губарэвіч: Кожная краіна збірае зборы за навігацыю, за пералёты над сваёй тэрыторыяй, таму, што да тых маршрутаў, якія Расея будзе вымушана змяніць, дык частка з іх пройдзе праз Беларусь. Напрыклад нейкім паўночным шляхам і, зразумела, нейкая камерцыйная карысць у гэтым таксама будзе. Нашы паветраныя калідоры будуць больш занятыя і адпаведна, на гэтым можна будзе нешта атрымаць. Тут выгада ад пасажырскіх перавозак, якая вынікае з папярэдняга рашэння пра спыненне авія-зносінаў паміж Расеяй і Украінай, яна больш відавочная.
РР: Ці менскі аэрапорт здольны прыняць такі пасажырапаток? Усё ж паміж Масквой і Кіевам часта лёталі самалёты і шмат людзей.
Ігар Губарэвіч: Так, безумоўна, яны лёталі паміж Масквой і Кіевам, ці паміж іншымі ўкраінскімі гарадамі, ці расейскімі гарадамі, а цяпер мы ў ужо бачым тое, што я пісаў у сваім артыкуле, што гэтыя тэндэнцыі апраўдваюцца. Ужо ёсць рэйс і ў Харкаў, які тады толькі прагназавалі. Ужо абвешчана пра тое, што неўзабаве будзе рэйс у Запарожжа. Прычым, гэта будзе нават не «Белавія», а ўкраінская кампанія «Мотор Січ», з якой Беларусь супрацоўнічае па ваенных рухавіках і вайсковай авіяцыі. І цывільнае падраздзяленне гэтай кампаніі будзе ажыццяўляць рэйсы: Запарожжа — Менск. Тут адпаведна «Белавія» таксама павялічыла колкасць палётаў у Кіеў і тут, у нас на вачах, адбываюцца гэтыя змены. Менскі аэрапорт цалкам здольны прымаць большую колькасць пасажыраў, ён нядаўна быў адрамантаваны, наземныя службы, я мяркую, таксама, і «Белавія» да гэтага гатовая. Таму, для развіцця беларускай авіяцыі і для менскага аэрапорта ўсё гэта — спрыяльна. У прынцыпе, вымалёўваецца найлепшы маршрут па часе, па зручнасці для пасажыраў, бо безумоўна ёсць іншыя шляхі: праз Малдову ці праз Вільню, але тут, па ўсіх лагістычных параметрах, найлепшы і найкарацейшы шлях — праз Менск.
РР: Ці магчыма, што расейскія палітыкі пачнуць патрабаваць падобнага стаўлення да ўкраінскіх авія-перавозчыкаў і да спалучэння з Украінай ад беларускіх калегаў?
Ігар Губарэвіч: Я думаю, што нават калі і пачнуць, дык з гэтага патрабавання нічога не выйдзе. Дзейсны беларускі рэжым ужо паказваў, што ён здольны супрацьстаяць падобнаму ціску. Як гэта было з Грузіяй, з якой у нас дагэтуль няма візавага рэжыму, і ніколі не ўводзілася эмбарга на грузінскія прадукты, нават калі яго ўводзіла Расея. Тут Беларусь, па-першае, адчувае эканамічную выгаду, а, па-другое, рабіць сабе ворага з Украіны на пустым месцы, дзеля таго, каб дагадзіць Расеі, дык Беларусь на гэта не пойдзе. Думаю і Расея гэтага сур’ёзным чынам патрабаваць таксама не будзе. Гэта не тое пытанне, якое абавязвае ўсіх членаў Еўразійскага эканамічнага саюза. Гэта двухбаковае пытанне з Украінай і такім, я думаю, яно і застанецца.
За амаль два гады супрацьстаяння між Масквой і Кіевам Беларусь атрымала не толькі палітычныя выгоды ад размяшчэння перамоўнай пляцоўкі па канфлікце ў Менску: прадуктовыя санкцыі Расеі супраць краінаў ЕЗ зрабілі Менск ледзь не адзіным экспарцёрам на расейскі рынак санкцыйнай прадукцыі, і прынеслі Беларусі мільённыя прыбыткі.
Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя