Закрываць дадатковыя пункты на мяжы з Беларуссю пакуль не будуць



Прэм’ер-міністар Літвы Інгрыда Шыманіце заявіла, што рашэнняў пра закрыццё дадатковых пунктаў пропуску на мяжы з  Беларуссю найбліжэйшым часам не будзе.

„Аднак ёсць вельмі лагічны план, які вызначае, якая колькасць пунктаў пропуску скароціцца, з чаго пачаць і дзе скончыць, аж да поўнага закрыцця, якое ўжо адбылося б пасля ўзгаднення з іншымі краінамі”, — сказала журналістам  Інгрыда Шыманіце.  

Паводле яе, Беларусь працягвае заставацца „крыніцай нестабільнасці”, таму што краіну ўзначальвае „самаабвешчаны прэзідэнт, які можа выкарыстоўваць самыя розныя інструменты, каб нешта сабе атрымаць”.

Інгрыда Шыманіце падкрэсліла, што імаверная гібель кіраўніка групоўкі наймітаў „Вагнер” Яўгенія Прыгожына не мяняе сітуацыю, улічваючы дзеянні Менска па падсілкоўванні нелегальнай міграцыі ў суседнія краіны.

Паводле яе, яшчэ патрэбны час, каб ацаніць тэндэнцыі ў дачыненні да вагнераўцаў у Беларусі, паназіраць, ці вернуцца яны на фронт, ці, магчыма, далучацца да іншых прыватных кампаній.