Замежныя назіральнікі спадзяюцца на сумленнасць выбараў



«Кожны кіраўнік місіі заўсёды спадзяецца, што выбары будуць адпавядаць крытэрыям дэмакратычных», — заявіла ў інтэрв`ю БелаПАН кіраўнік назіральнай місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ Тана дэ Зулуета.

«Калі б у нас не было такой надзеі, не мела б сэнсу рабіць нашу працу. Таму такая надзея заўсёды ёсць. Мы павінны, аднак, гэта ўбачыць, гледзячы на канкрэтныя паказчыкі, і толькі затым даваць ацэнку выбарам», — падкрэсліла яна.

Тана дэ Зулуета нагадала, што назіральная місія БДІПЧ пачала працу ў Беларусі 2 жніўня. З 11 жніўня доўгатэрміновых назіральнікаў — у агульнай колькасці 38 чалавек — пачалі накіроўваць у рэгіёны краіны.

Члены місіі ўжо правялі сустрэчы з прадстаўнікамі Цэнтрвыбаркама, выбарчых камісій і грамадзянскай супольнасці. «Найбліжэйшым часам плануюцца сустрэчы з прадстаўнікамі судоў, каб паглядзець, як адбываецца працэс разгляду скаргаў», — паведаміла Тана дэ Зулуета. Паводле яе слоў, на ўсіх сустрэчах суразмоўцы звярталі ўвагу назіральнікаў «на тыя змены, якія адбыліся не ў самым выбарчым заканадаўстве, а ў нормах, што рэгулююць яго прымяненне».

«Безумоўна, мы будзем глядзець, якім чынам гэта суадносіцца з рэкамендацыямі, якія рабіліся ў 2012 і ў 2015 гадах пасля выбараў місіямі БДІПЧ АБСЕ. Гэта тое, на што мы будзем звяртаць увагу. Будзем глядзець, якім чынам гэта прымяняецца і якія канкрэтныя захады былі зроблены», — адзначыла кіраўнік місіі.

Яна таксама паведаміла, што прадстаўнікі БДІПЧ плануюць рэгулярна сустракацца з усімі групамі мясцовых назіральнікаў. «Для нас важна, што яны кажуць. Мы таксама глядзім, на падставе чаго яны робяць тыя ці іншыя заключэнні, якую інфармацыю яны нам даюць», — сказала Зулуета.

«У той жа час, — дадала яна, — мы не каардынуем нашу працу з імі, бо ў нашай місіі ёсць свая метадалогія, свае назіральнікі, і для нас важна прытрымлівацца гэтай метадалогіі, каб яна была справядлівай і якаснай».

Паводле слоў кіраўніка місіі, на гэтым этапе выбарчай кампаніі рана ацэньваць, наколькі ўлічаныя і выкананыя рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, зробленыя пасля прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. «Мы пакуль можам сказаць, што некалькі заканадаўчых змяненняў мелі месца. Іх мэтай называлася зрабіць працэс выбараў больш празрыстым, каб ён уключаў у сябе ўсіх удзельнікаў і быў больш справядлівым. Наколькі гэта будзе дасягнута, мы паглядзім, ацэньваючы канкрэтныя факты», — адзначыла Тана дэ Зулуета.

На просьбу пракаментаваць заявы беларускай апазіцыі і праваабаронцаў пра тое, што ўжо можна казаць пра неадпаведнасць выбараў у Беларусі стандартам АБСЕ, паколькі ў склады выбарчых камісій усіх узроўняў уключана толькі 0,08% прадстаўнікоў апазіцыі, Зулуета адказала:

«На гэты момант любая ацэнка была б заўчаснай, і, вядома, гэта супярэчыць метадалогіі АБСЕ. Мы звяртаем увагу на склад выбарчых камісій. Гэта таксама робяць нашы калегі з назіральнай місіі ПАСЕ. І, вядома ж, мы ведаем, што вельмі часта лічбы кажуць самі за сябе і з`яўляюцца вельмі важнымі паказчыкамі».

Кіраўнік місіі таксама паведаміла, што з 8 жніўня эксперты БДІПЧ вядуць якасны і колькасны аналіз інфармацыі аб выбарах у беларускіх СМІ. «Мы маніторым тры тэлевізійныя каналы, нацыянальныя газеты і анлайн-медыя. Нашай мэтай з`яўляецца ацаніць, ці атрымліваюць у сапраўднасці выбаршчыкі дастаткова інфармацыі, каб зрабіць усвядомлены выбар пры галасаванні. Мы таксама глядзім, наколькі свабодна ўдзельнікі выбараў могуць расказаць пра свае платформы і праграмы. Такім чынам, мы глядзім, наколькі выконваецца адна з самых галоўных свабодаў — свабода выказванняў», — расказала Зулуета.

Паводле яе слоў, у місіі пакуль няма поўнай карціны таго, што адбываецца, інфармацыя збіраецца. «Мы яшчэ не ведаем, хто дакладна будзе ўдзельнічаць у выбарах. Вядома, нейкая інфармацыя пра кандыдатаў ёсць, але мы будзем глядзець, наколькі збалансаванай будзе інфармацыя пра іх у далейшым, каб выбаршчыкі маглі рэальна даведацца пра кандыдатаў і зрабіць выбар», — падкрэсліла кіраўнік місіі.

На пытанне, ці атрымлівалі назіральнікі БДІПЧ прапанову аб выпрацоўцы агульных крытэрыяў ацэнкі выбараў ад місіі назіральнікаў СНД, пра што нядаўна заявіў журналістам кіраўнік місіі СНД Сяргей Лебедзеў, Тана дэ Зулуета адказала, што пакуль ніякіх прапаноў не атрымлівала. «Гэтага пакуль не адбылося, але мы пастаянна абменьваемся думкамі, — дадала яна. — Неабходна разумець, што мы сустракаемся з СНД у тым плане, што шмат краін — членаў СНД таксама з`яўляюцца членамі АБСЕ, у нас працуюць назіральнікі з гэтых краін».

«Безумоўна, выпрацоўка адзіных крытэрыяў была б пазітыўным крокам для ўсіх, у тым ліку для грамадзян краін СНД. Але мы павінны памятаць, што тыя крытэрыі, паводле якіх АБСЕ ажыццяўляе назіранне за выбарамі, з`яўляюцца міжнародна прызнанымі. Яны таксама прыняты тымі краінамі СНД, якія з`яўляюцца членамі АБСЕ», — падкрэсліла кіраўнік місіі назіральнікаў БДІПЧ.

БелаПАН