Запрацаваў штаб адзінага кандыдата



У Менску сфармаваны штаб адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах. Па словах сустаршыні Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Вольгі Кавальковай, пачалі працу інфармацыйны, лагістычны, экспертна-аналітычны аддзелы, служба кантролю. Каардынатарам штаба абраны старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў.

Кажа Вольга Кавалькова:

– З сённяшняга дня (3 лютага) штаб ужо прымае заяўкі ад патэнцыйных кандыдатаў, якія плануюць прыняць удзел у працэдуры народнага галасавання па выбары адзінага кандыдата. Да 16 лютага будзе ў іх прыём заявак, потым праверка, і ўжо 3 сакавіка мы будзем ужо ведаць спіс тых людзей, якія і будуць прадстаўленыя ў працэдуры адзінага кандыдата. Такую магчымасць можа атрымаць любы прадстаўнік тых структур, якія ўдзельнічаюць у гэтай кампаніі.

А гэта Аб’яднаная грамадзянская партыя, Рух «За свабоду», Беларуская сацыял–дэмакратычная партыя (Грамада), Партыя БНФ і Беларуская хрысціянская дэмакратыя, – нагадала Вольга Кавалькова. Па яе словах, таксама любы грамадзянін Беларусі, які падзяляе крытэры адзінага кандыдата, сабраўшы 200 подпісаў і зрабіўшы грашовы ўнёсак, можа далучыцца да праймерыз па абранні адзінага.

Ужо вядома, што кіраўнік Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч падаў такую заяўку і прадставіў выпіску з рашэння канферэнцыі Руху аб яго вылучэнні для ўдзелу ў выбарах. Вольга Кавалькова таксама збіраецца ўдельнічаць у гэтай працэдуры.

Беларускае Радыё Рацыя