Зарэгістравана 8 кандыдатаў ад беларускіх „зялёных”



Беларуская партыя „Зялёныя” афіцыйна абвесціла спіс сваіх кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, у які трапілі 8 сябраў партыі з розных рэгіёнаў Беларусі.

Як распавядае старшыня „зялёных” Анастасія Дарафеева, галоўная матывацыя для ўдзелу ў выбарах для большасці кандыдатаў з’яўляецца жаданне прыцягнуць увагу грамадства да рэгіянальных праблем, якія часта застаюцца па-за ўвагай іншых палітычных партый:

– Гэтыя выбары для нас збольшага эксперымент, бо мы даўно не ўдзельнічалі ў такога ўзроўню кампаніях, для нас гэта магчымасць узгадаць як працуе сістэма, паглядзець што мы можам рабіць, як можам камунікаваць з людзьмі. Было вылучана восем кандыдатаў, матывацыяй людзей з’яўляецца жаданне падняць нейкія мясцовыя праблемы. У нас некалькі чалавек з рэгіёнаў, якія прыйшлі з мясцовымі пытаннямі, праблемамі, да якіх яны хацелі б прыцягнуць увагу ўдзельнічаючы ў выбарах.

Усе кандыдаты ад Беларускай партыі „Зялёныя” будуць мець супольную перадвыбарчую платформу, якая паводле словаў Анастасіі Дарафеевай будзе змяшчаць не толькі экалагічную тэматыку, але і погляд „зялёных” на тыя сацыяльна-палітычныя праблемы, якія турбуюць сёння беларускае грамадства.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск