Засакрэчаны пункт указа аб мабілізацыі дазваляе Мінабароны Расеі прыцягнуць мільён чалавек



211 дзень расейскага ўварвання ва Украіну. Засакрэчаны пункт указа аб мабілізацыі дазваляе расейскаму Міністэрству абароны прыцягнуць мільён чалавек. У сёмым пункце ўказа Пуціна аб мабілізацыі гаворыцца, што ў войска могуць быць прызваныя да мільёна чалавек, паведамляе «Новая газета. Еўропа” са спасылкай на крыніцу ў адміністрацыі расейскага прэзідэнта.

„Лічбу некалькі разоў выпраўлялі, і ў выніку спыніліся на мільёне”, — сказала крыніца. З моманту абвяшчэння мабілізацыі ваенныя камісары ​​як мінімум чатырох расейскіх рэгіёнаў падпісалі загады, якія забараняюць ваеннаабавязаным грамадзянам пакідаць свае гарады.

Тым часам украінскі мэр акупаванага Мелітопаля заклікаў выязджаць з горада мужчын ва ўзросце 18-35 гадоў. Паводле Івана Фёдарава, расейцы могуць залучыць да сваёй мабілізацыі мужчын, што пражываюць на акупаваных тэрыторыях Украіны. Ужо сёння мужчын ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў не выпусцілі з падкантрольнай расейцам тэрыторыі ў бок Запарожжа (якое кантралюецца ўкраінцамі).

Фёдараў мяркуе, што такіх выпадкаў будзе ўсё больш. Ён раіць маладым мужчынам выязджаць з Мелітопаля ў Грузію праз Крым.

Паводле ТГ “Баста” і „Белсат”