Заснавана ініцыятыва „SkyForStatkievich – Неба для Статкевіча”



12-га жніўня палітычны вязень Мікалай Статкевіч, апошні кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010-га году, які да сённяшняга дня знаходзіцца за кратамі, адзначае свой дзень нараджэння. Ужо пяты раз Статкевіч правядзе гэты дзень у так званай закрытай турме, у адзіночнай камеры. „Ён не бачыць неба?” — пішуць аўтары ініцыятывы „SkyForStatkievich – Неба для Статкевіча”. Далучыцца да акцыі можна з дапамогай сайта  change.org. Польскі сенатар Марэк Бароўскі выказаў жаданне падтрымаць такім чынам беларускіх палітвязняў і Міколу Статкевіча:

– На ўсходзе Еўропы не можа быць маўчання ў справе вязняў сумлення. Еўропа – гэта кантынент, які даў прыклад, як трэба прытрымлівацца правоў чалавека, і не мусіць быць тут краін, якія гэтага не прытрымліваюцца. Нават калі палітычная сітуацыя складаная, і калі з нейкіх поглядаў залежыць нам на лепшых стасунках з Беларуссю, у сувязі з канфліктам на Украіне, то ў справах вязняў сумлення не павінна быць маўчання.

У Польшчы каля ўсіх буйных аўтамабільных памежных пераходаў на мяжы з Беларуссю ўсталяваныя білборды з выявамі беларускіх палітвязняў. Білборды ўсталявалі сябры грамадзянскай ініцыятывы «Свабоду Мікалаю Статкевічу і ўсім палітвязням».

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя