Застанецца толькі 110
Так на зняццё апазіцыйных кандыдатаў у дэпутаты рэагуе нацыянальны каардынатар кампаніі назірання «Права выбару 2019» Алесь Сілкоў. Колькасць кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання Беларусі зменшылася з 560 да 531. «На 29 чалавек менш, чым было зарэгістравана першапачаткова«, – агучыла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Паведамляецца, што дзевяці кандыдатам выбарчыя камісіі скасавалі рэгістрацыю, астатнія – знялі сваю кандыдатуру добраахвотна. Скасоўваюць рэгістрацыі пераважна апазіцыйным актывістам і па надуманых прычынах.
Зняццё кандыдатаў пракаментаваў Алесь Сілкоў:
– Улада будзе выконваць свой план аб тым, каб папалі ў спіс 110 чалавек, і будуць здымаць усіх тых кандыдатаў, якія могуць штосьці зрабіць. А самае галоўнае, што могуць зрабіць кандыдаты, – гэта падняць цікавасць да гэтых выбараў, знайсці свой электарат і сваіх выбарцаў. Першы этап быў, калі не зарэгістравалі тых людзей, якія сабралі вельмі шмат подпісаў. Я маю на ўвазе Губарэвіча ды іншых, бо гэтыя людзі паказалі, што яны могуць сабраць гэтыя подпісы. Пасля гэтага пачаўся другі этап з людзьмі, якія маюць актыўную пазіцыю.
А ў Цэнтарвыбаркаме не выключаюць, што да выбараў могуць дайсці не ўсё і з цяперашніх 531 кандыдата. Паводле Лідзіі Ярмошынай некаторыя кандыдаты выпускаюць і распаўсюджваюць друкаваную прадукцыю без выходных дадзеных, праводзяць пікеты, парушаючы закон і здзяйсняюць іншыя парушэнні. Такіх фактаў усталявана ўжо 11. Выбары ў Палату прадстаўнікоў прызначаныя на 17 лістапада.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя