Затрымана прыблізна 100 актывістаў і прыхільнікаў блогера Ціханоўскага
За папярэднія тры дні, з 6 да 9 траўня, у розных гарадах Беларусі затрыманыя прыблізна 100 чалавек – грамадскіх актывістаў і прыхільнікаў гомельскага блогера youtube-канала «Краіна для жыцця» Сяргея Ціханоўскага.
Згодна са звесткамі закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна», на вечар 9 мая было дакладна вядома пра 46 актывістаў, якія знаходзяцца за кратамі. З іх 16 арыштаваныя на тэрмін ад 2 да 15 сутак. Суды прайшлі ў пяці гарадах: Гомелі, Віцебску, Лідзе, Гародні, Магілёве. Яшчэ 29 затрыманых чакаюць судоў у ізалятарах.
Увечары 9 траўня стала таксама вядома пра затрыманне актывіста Міхаіла Варанцова – пра гэта праваабаронцам паведамілі прадстаўнікі «Моладзевага блока. Паводле наяўнай інфармацыі, Варанцова даставілі ва УУС Фрунзенскага раёна сталіцы.
Не выходзілі на сувязь і іншыя ўдзельнікі акцыі – Ліза Пракопчык, Вераніка Яновіч, Данііл Лаўрэцкі, іх тэлефоны былі недаступныя. Пазней з’явілася інфармацыя, што Пракопчык знаходзіцца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, яе будуць судзіць у панядзелак.
Беларускае Радыё Рацыя