Затрымана старшыня „Прэс-клубу” Юлія Слуцкая



Беларускія праваахоўнікі затрымалі ў аэрапорце Менск-2 заснавальніцу „Прэс-клубу”, былую рэдактарку „Камсамольскай праўды ў Беларусі”, экс-кіраўніцу  “Еўрарадыё” Юлію Слуцкую.

Вобшукі ідуць таксама ў яе кватэры і ў кватэры топ-менеджара Прэс-клубу Алы Шарко. Заблакаваны таксама і офіс арганізацыі ў Менску. Хутчэй за ўсё, там таксама ідзе вобшук.

Па словах адваката Сяргея Зікрацкага, ён спрабаваў патрапіць у кватэру Алы Шарко, але яго груба выпхнулі з кватэры:

– Я тут у пад’ездзе, дзе пражывае Ала Шарко. Чакаю, пакуль скончацца следчыя дзеянні.

РР: Можаце патлумачыць, на якіх падставах вас не пусцілі ў кватэру?

– Мне пакуль складана нешта тлумачыць. Так, я лічу, што гэта парушэнне.

РР: А наконт Юліі Слуцкай ёсць інфармацыя?

– У мяне ўвогуле няма ніякай інфармацыі. Уся інфармацыя, якая ў мяне ёсць, гэта тая інфармацыя, якая ідзе з тэлеграм-канала. Я поста прыехаў сюды і паспрабаваў патрапіць у кватэру. Мяне выкінулі.

Па словах Сяргея Зікрацкага, тыя людзі ў масках, якія ўварваліся ў кватэру Алы Шарко, не прадставіліся, да якога ведамства належаць, – міліцыі, КДБ, Следчага камітэту, і з чым звязаны гэты вобшук.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск