Затрымана як мінімум восем актывістаў штаба Ціханоўскай



У штаба кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай няма інфармацыі аб тым, дзе знаходзяцца затрыманыя 8 жніўня кіраўнік штаба Марыя Мароз, а таксама члены каманды Алег Майсееў і Антон Станішэўскі.

Як паведаміла БелаПАН давераная асоба кандыдата Вольга Кавалькова, Станішэўскага і Майсеева запрасілі для гутаркі ў галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС. Адтуль абодва ўжо не выйшлі. „Антону дазволілі патэлефанаваць, папрасіць адваката і паведаміць, што яго перавозяць у Следчы камітэт. Па Алегу мы так і не змаглі нічога высветліць. У яго ёсць адвакат, але і ён не змог нічога даведацца”, — расказала яна.

Кавалькова адзначыла, што дакладна невядома, дзе менавіта знаходзіцца Марыя Мароз. „Учора ў Фрунзенскім РУУС паведамілі, што яна знаходзіцца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Але ў ЦІПе па стане на 12 гадзін ночы яна не знаходзілася — паводле іх інфармацыі. Мы не ведаем, дзе на самай справе знаходзіцца чалавек. Гэта поўнае бязмежжа”, — дадала Кавалькова.

Яна нагадала, што адвакат Марыі Мароз прыбыў ва УУС Фрунзенскага раёна праз 30 хвілін пасля яе затрымання. „Лакацыя яе тэлефона паказвала, што Марыя там. Аднак абаронцу сказалі, што яе ў РУУС няма, і не пусцілі да затрыманай. Я лічу, што гэта перашкода абсалютна законнаму праву чалавека на абарону”, — падкрэсліла Кавалькова.

Паводле яе інфармацыі, нікому з тых затрыманых, з кім удалося звязацца, абвінавачанні не выстаўленыя. „Інфармацыю не могуць атрымаць нават адвакаты”, — адзначыла Кавалькова.

Таксама яна паведаміла, што давераная асоба Святланы Ціханоўскай Андрэй Смалянчук, затрыманы ўвечары 7 жніўня ў Мінску, пакараны 15 суткамі арышту за „нібыта нейкае папярэдняе правапарушэнне, пра якое ён нават не ведаў”.

Паводле звестак штаба Ціханоўскай, затрымана як мінімум восем давераных асоб і актывістаў штаба: Марыя Мароз, Алег Майсееў, Таццяна Канеўская, Дзмітрый Ціт, Павел Мялькоўскі, Юрый Уласаў, Мікалай Маслоўскі, Антон Станішэўскі. Некаторыя з іх ужо асуджаныя.

belapan.by