Затрыманні сябраў ініцыятыўнай групы Ціханоўскай у Гародні



На Гарадзеншчыне працягваецца ціск на сяброў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.

Cёння, 8 чэрвеня, каля 16.30 на месцы зборы подпісаў на плошчы Савецкай у Гародні была затрымана Юлія Карначаева. Яе затрымалі міліцыянты і павезлі з сабой, сказаўшы, што супраць яе вядзецца адміністрацыйная справа.

У затрыманні ўдзельнічаў Вадзім Налівайка, намеснік аддзела аховы правапарадку Ленінскага РАУС. Каля 18.30 Юлію Карначаеву адпусцілі. На яе складзены пратакол пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне за дробнае хуліганства, што караецца штрафам ад 2 да 30 базавых велічынь альбо адміністрацыйным арыштам. Калі яе выклічуць у суд, пакуль невядома.

Адначасова паступіла інфармацыя, што міліцыя можа затрымаць у Скідалі іншага сябра ініцыятыўнай групы Ціханоўскай Яўгена Клімука. На месца збору подпісаў прыехалі машына ДАІ і іншая міліцэйская машына. На 19-ю гадзіну Клімука ўсё ж не затрымалі.

Такім чынам дзяржаўныя структуры працягваюць перашкаджаць збіраць подпісы ініцыятыўнай групе Святланы Ціханоўскай.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: spring96.org