Затрыманні журналістаў у Светлагорску: снежны ком рэпрэсій ужо коціцца сам па сабе



Ці хто са слухачоў ведаў пра інфармацыйны цэнтр «Ранак» у Светлагорску? Думаю, што далёка не ўсе адразу згадаюць, дзе знаходзіцца сам горад Светлагорск.

А там чарговае злачынства памагатых рэжыму Лукашэнкі.

Цытую паводле праваабарончай супольнасці «Вясна»: «Стала вядома пра затрыманні ў Светлагорску супрацоўнікаў тэлеканалу «Ранак». Затрыманыя восем чалавек. Паводле некаторых звестак, іх будуць судзіць «за распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозку інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці альбо прапагандуе такую дзейнасць ».

Што там з экстрэмізмам? А справа ў тым, што журналісты «Ранку» зрабілі матарыял пра катастрофу на светлагорскім цэлюлозным заводзе. Загінула мінімум тры чалавекі.

Навошта караць журналістаў за прафесійна зробленую працу?

Лукашэнка і да яго падобныя персанажы жывуць прыблізна ў часы позняга Брэжнева. Тады Савецкі Саюз праз неэфектыўную сістэму кіравання пачаў паціху сыпацца як старая машына.

У аўтарытарных рэжымах факты – нішто, прапаганда – усё.

Згадаю анекдот пра тое як дзяўчынка глядзела выпуск навін па першым маскоўскім канале і плакала: «Хачу жыць у Савецкім Саюзе!». Настолькі інфармацыя з тэлевізара адрознівалася ад рэаліяў за вакном.

Ад таго, што работнікаў светлагорскага «Ранку» пасадзяць па прыдуманых звінавачаннях, за вакном беларусаў мала што зменіцца.

Будуць выбухі на заводах, будуць падаць масты, будуць адбывацца іншыя тэхнагенныя катастрофы.

Санкцыі працуюць. Павольна, але няўмольна. Грошай аднаўляць інтэрфэйс краіны няма.

Людзі, якія працуюць на рэжым у карных органах, апраўдваюцца тым, што выконваюць закон.

Але Закону ў Беларусі няма ад канстытуцыйнага перавароту ў канцы 1996 году.

Адрозненне сённяшняга дня ў тым, што ў рэжыму Лукашэнкі больш няма невычарпальнага рэсурсу пад назвай «Крэмль».

«Бензакалонка Лукашэнкі» – Расея – па вушы загразла ў вайне ва Украіне супраць Захаду.

Што рабіць? Трэба даваць беларусам унутры паўканцлагеру, у які падручныя Лукашэнкі ператварылі Беларусь, не абстрактную надзею, а канкрэтныя механізмы супрацьстаяння.

Літаральна на ўзроўні відэаўрокаў на ютубе. Так вы робіце шкоду рэжыму, а ў такі спосаб мы дапаможам звонку. І ўсе разам у момант «ікс» аб’яднаем сілы.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя