Спецназ штурмаваў дом экс-прэзідэнта Кыргызстана Атамбаева (абноўлена)



Кыргызскія сілавікі са стральбой штурмавалі дом былога прэзідэнта Кыргызстана Алмазбека Атамбаева ў прыгарадзе Бішкека. Яго прыхільнікі абверглі паведамленні пра затрыманне экс-прэзідэнта.

Афіцыйнай заявы пра затрыманне не было.

Тэлеканал „Апрель” перадаваў, што сілавікі вывелі Атамбаева з дому і павезлі ў невядомым кірунку. „Інтэрфакс” са спасылкай на крыніцу ў сілавых структурах таксама паведамляў, што Атамбаеў быў вывезены з тэрыторыі дома – на верталёце.

Аднак дэпутат Ірына Карамушкіна пазней заявіла, што Атамбаеў ўсё яшчэ ў доме, а адвакат былога прэзідэнта Сяргей Слесараў заявіў: „Атамбаеў знаходзіцца ў бяспечным месцы”.

bbc.com

* * * 

У вёсцы пад Бішкекам была праведзена спецаперацыя па затрыманні былога прэзідэнта Кыргызстана Алмазбека Атамбаева, паведамляе агенцтва ТАСС. 

Па дадзеных атачэння былога прэзідэнта, падчас штурму спецназ ужыў гумовыя кулі і шумавыя гранаты, над домам былі заўважаныя верталёты. Экс-кіраўнік дзяржавы быў затрыманы. Як удакладнілі ў штабе Атамбаева, „яго павезлі ў невядомым кірунку”. 

У ходзе спецаперацыі пацярпелі, па папярэдніх дадзеных, больш за дзесяць чалавек, у тым ліку журналіст і дэпутат нацыянальнага парламента.

Парламент Кыргызстана 27 чэрвеня прагаласаваў за пазбаўленне Атамбаева недатыкальнасці і статусу экс-прэзідэнта, што дае магчымасць прыцягнення яго да крымінальнай адказнасці.

Яго падазраюць у садзейнічанні перапрафіляванню зямельных участкаў, карупцыі пры рэканструкцыі ЦЭЦ Бішкека, незаконнаму вызваленню з месцаў зняволення крымінальнага аўтарытэта Батукаева, а таксама супрацьзаконным пастаўках вугалю на ЦЭЦ сталіцы і незаконным атрыманні ўчастка для будаўніцтва жылога дома ў вёсцы Кой-Таш Чуйскай вобласці.

Атамбаеў кіраваў краінай з 2011 па 2017 год і стаў першым прэзідэнтам, які добраахвотна пакінуў пасаду пасля паўнавартаснага першага тэрміну.