Затрыманы экс-прэзідэнт Кыргызстана Алмазбек Атамбаеў



Супрацоўнікі праваахоўных органаў Кыргызстана затрымалі былога прэзідэнта краіны Алмазбека Атамбаева ў яго доме ў сяле Кой-Таш непадалёк ад Бішкеку. Спецназ здолеў з другога разу ўзяць штурмам яго рэзідэнцыю.

Паводле “Інтэрфаксу”, у аперацыі ўзялі ўдзел каля дзвюх тысяч сілавікоў, у тым ліку атрад СОБР. ТАСС, спасылаючыся на штаб Атамбаева, паведаміў, што былы прэзідэнт сам выйшаў з дому і здаўся сілавікам.

Аперацыя па затрыманні Атамбаева пачалася 7 жніўня. З першай спробы правесці яе не атрымалася – супрацоўнікам спецназа аказалі супраціў прыхільнікі былога прэзідэнта. У выніку сутычак пацярпелі больш за 80 чалавек. Адзін з байцоў спецназа пазней памёр у лякарні.

Атамбаеў выкліканы сведкам па крымінальнай справе аб незаконным вызваленні з турмы крымінальнага аўтарытэта ў 2013 годзе. Перад гэтым ён быў пазбаўлены недатыкальнасці, супраць яго пачалі крымінальную справу аб карупцыі.

Атамбаеў узначальваў Кыргызстан з 2011 па 2017 год. Ён стаў першым прэзідэнтам, які добраахвотна пакінуў пасаду пасля першага тэрміну, а не быў зрынуты ў выніку рэвалюцыі.