Дзяніса Урбановіча адпусцілі з міліцыі (абноўлена)
Лідара зарэгістраванага ў Чэхіі „Маладога фронту” Дзяніса Урбановіча адпусцілі з міліцыі ў Менску пасля давання тлумачэнняў, паведаміў ён БелаПАН.
18 сакавіка каля 21.00 супрацоўнікі міліцыі прыйшлі да Урбановіча дадому і даставілі ў апорны пункт, дзе ён прабыў каля гадзіны.
„Да мяне прыйшлі, папрасілі праехаць. Узялі тлумачэнні аб тым, што мяне судзілі ў 2015 годзе па трох крымінальных артыкулах. Я напісаў, па якіх артыкулах”, — распавёў Урбановіч.
У аддзяленні высветлілася, што актывіст быў абвешчаны міліцыяй у вышук. „Мне паказалі паперу, што з 5 сакавіка я аб’яўлены ў беларускі вышук. Але я не ведаў пра гэта, хоць быў у Курапатах, і мяне там бачылі супрацоўнікі міліцыі. Лагойскі крымінальны вышук увесь гэты час мяне нібыта шукаў. У паперы не было напісана, хто шукае і чаму, гэта ўсё на словах. Прычыну не сказалі. Потым далі падпісаць дакумент, што я ведаю, што быў у вышуку, і пытанняў не маю”, — дадаў лідар „Маладога фронту”.
Тое, што адбылося, мяркуе актывіст, звязанае з Днём Волі. „У мяне спыталі, дзе я буду на Дзень Волі, у Мінску ці не? Я сказаў, што не ведаю, дзе буду. Я нікога нікуды не заклікаў і нічога не планую”, — адзначыў Урбановіч.
* * *
Лідар зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі „Малады фронт” Дзяніс Урбановіч увечары 18 сакавіка затрыманы і дастаўлены ў міліцыю ў Менску, паведаміў БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.
„Да яго прыехалі чатыры чалавекі ў міліцэйскай форме, запатрабавалі праехаць, на пытанне „Навошта?” не адказвалі. Ён адкрыў ім дзверы, і яго забралі ў апорны пункт”, — паведаміў Севярынец.
На старонцы Урбановіча ў сацыяльных сетках апублікаваны фрагмент стрыма, дзе гучыць урывак фразы „даць тлумачэнні”, „гэта жэсць нейкая”.
Севярынец паведаміў БелаПАН, што Урбановіч знаходзіцца ў апорным пункце міліцыі на вуліцы Кіжаватава, 66, і дае тлумачэнні.