Затрыманы члены каманды Бабарыкі Уладзімір Дудараў і Сяргей Кармызаў



У Магілёве 11 чэрвеня затрыманы каардынатар ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Уладзімір Дудараў, паведаміў БелаПАН супрацоўнік прэс-служба штаба Бабарыкі Глеб Германчук.

„Учора ўвечары быў затрыманы Дудараў. Для яго ўжо знойдзены адвакат, ён пачаў працу. Пра прычыны затрымання пакуль нічога не вядома”, — сказаў Германчук.

Акрамя таго, сёння раніцай стала вядома, што ў Гомелі затрыманы адзін з членаў ініцыятыўнай групы Бабарыкі, кіраўнік мясцовага філіяла „Белгазпрамбанка” Сяргей Кармызаў. „Падрабязнасці нам пакуль невядомыя”, — дадаў Германчук.

Ён падкрэсліў, што выбарчы штаб Віктара Бабарыка просіць усіх членаў ініцыятыўнай групы неадкладна паведамляць, калі да кагосьці прыходзяць супрацоўнікі праваахоўных органаў. „Мы будзем аказваць неабходную дапамогу”, — сказаў Германчук.

Уладзімір Дудараў раней працаваў у Магілёўскім гарвыканкаме. У 2018 годзе быў прызначаны намеснікам старшыні Магілёўскага гарвыканкама, курыраваў пытанні будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У кастрычніку мінулага года пакінуў гэту пасаду.

Нагадаем, раніцай 11 чэрвеня ў галаўным офісе „Белгазпрамбанка”, які каля 20 гадоў узначальваў Віктар Бабарыка, а таксама ў шэрагу іншых кампаній прайшлі вобшукі.

Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Камітэта дзяржкантролю Кірыл Данілаў, вобшукі праводзіліся ў рамках крымінальнай справы аб ухіленні ад выплаты падаткаў і легалізацыі сродкаў, атрыманых незаконным шляхам. „Дэпартаментам фінансавых расследаванняў КДК распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры) і па ч. 2 арт. 235 (легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры), — сказаў ён. — У якасці падазраваных па крымінальнай справе праходзяць прадстаўнікі камерцыйных структур, а таксама былыя і дзейныя работнікі банкаўскай сістэмы. Праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні”.

На ўдакладняльнае пытанне, ці праходзіць па гэтай справе Віктар Бабарыка, Данілаў адказаў: „Гэта асоба цяпер у рамках расследавання крымінальнай справы працэсуальнага статусу не мае”.

Віктар Бабарыка пакінуў пасаду кіраўніка праўлення „Белгазпрамбанка” ў маі гэтага года ў сувязі з удзелам у прэзідэнцкай кампаніі. На гэты момант у падтрымку яго вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Беларусі сабрана каля 300 тысяч подпісаў пры неабходных для рэгістрацыі 100 тысячах.

11 чэрвеня на экстраннай прэс-канферэнцыі, скліканай у Менску ў сувязі з вобшукамі, Бабарыка заявіў: „Улады паказалі, што гатовыя выкарыстоўваць любыя сродкі для недапушчэння сумленных выбараў”. Паводле слоў удзельніка выбарчай кампаніі, цынізм сітуацыі заключаецца ў тым, што такія дзеянні накіраваны не на яго асабіста, а на блізкіх яму людзей. „Да таго, што будуць гэтыя дзеянні накіраваны на мяне, я гатовы. Але цынічна нападаць на людзей, у якіх проста віна ў тым, што яны працавалі ў арганізацыі, якой кіраваў я, з`яўляюцца маімі сябрамі… Я лічу гэта верхам проста чалавечай непрыстойнасці. Таму я хацеў бы ў іх усіх папрасіць прабачэння і сказаць, што яны насамрэч лепшыя, з кім мне давялося ў жыцці сустракацца”, — сказаў Бабарыка.

belapan.by

Фота: сtv.by