Прыхільнікі Саакашвілі сілай вызвалілі палітыка (абноўлена)



Мітынгоўцы змаглі вызваліць лідара „Руху новых сіл” Міхаіла Саакашвілі з машыны Службы бяспекі Украіны (СБУ), які быў арыштаваны сіламі правапарадку, паведамляе tass.ru.

Фота EPA-EFE/STEPAN FRANKO

Пратэстоўцам удалося дастаць палітыка з аўтамабіля, у якім яго спрабавалі адвезці ў СБУ. Прыхільнікі Саакашвілі выламалі дзверы мікрааўтобуса.

Лідар „Руху новых сіл” заклікаў да звяржэння Пятра Парашэнкі.

„Сёння банда Парашэнкі па фэйкавых абвінавачваннях спрабуе арыштаваць мяне, для таго каб прыбраць з Украіны. Я пакладу сваё жыццё за свабоду Украіны. Я хачу заклікаць усіх кіяўлян выйсці на вуліцу сёння ж, сабрацца на „майдане” і пачаць працэс збавення Украіны ад Парашэнкі і яго банды „, – сказаў Саакашвілі пасля таго, як яго прыхільнікі, выламаўшы дзверы машыны СБУ, вызвалілі палітыка.

Натоўп прыхільнікаў экс-губернатара Адэскай вобласці і лідара „Руху новых сіл” Міхаіла Саакашвілі накіраваўся па яго закліку да будынка парламента Украіны ў цэнтр Кіева.

Людзі скандуюць: „Міша! Міша!”, „Банду гэць!” „Украіна”.

* * * 

Былы кіраўнік Адэскай вобласці, лідар „Руху новых сіл” Міхаіл Саакашвілі затрыманы.

Як паведамляе агенцтва УНІАН, каля пад’езду дома, у якім пражывае палітык, адбыліся сутыкненні, мітынгоўцы спрабавалі заблакаваць праезд аўтамабіля, у якім везлі затрыманага палітыка.  

Раней сілавікі прыйшлі з ператрусам у кіеўскую кватэру Міхаіла Саакашвілі. Былы кіраўнік Адэскай вобласці узлез на дах дома, адкуль пагражаў саскочыць.  

Прэс-сакратар СБУ Алена Гітлянская заявіла, што супрацоўнікі Генпракуратуры і Службы бяспекі Украіны праводзяць следчыя дзеянні ў кватэры палітыка. Пры гэтым з уласных крыніц УНІАН стала вядома, што ператрусы праводзяцца ў рамках расследавання справы аб фінансаванні мітынгаў, арганізаваных партыяй Саакашвілі ў Кіеве, прадстаўнікамі ранейшай улады.

Як піша „Украинская правда„, праваахоўнікі сказалі Саакашвілі, «што яго падазраюць у садзейнічанні звяржэнню дзяржаўнага рэжыму».