Суды за акцыю памяці ля ўкраінскай амбасады (абноўлена)



Суд Цэнтральнага раёна Менска прызнаў удзельнікаў акцыі ў памяць пра герояў Нябеснай сотні, якая прайшла ў Менску напярэдадні, вінаватымі ў парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства. Максім Вінярскі і Алесь Макаеў пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі на 15 сутак, Яўген Батура і Мікалай Колас – на 10 сутак, Вольга Нікалайчык – на 5 сутак, паведамляе праваабарончы сайт „Вясны”. Іх справы разглядала ў закрытым рэжыме суддзя Вікторыя Шабуня на выязным пасяджэнні, якое прайшло у міліцэйскім пастарунку. Адміністрацыйную справу пенсіянеркі Ніны Багінскай, якая таксама была затрыманая, але затым адпушчаная з РУУС, разглядалася ў будынку суда Цэнтральнага раёну. Жанчына аштрафаваная на 20 базавых велічынь.

* * *

У судзе Цэнтральнага раёну Менску праходзяць суды над затрыманымі ўчора актывістамі, якія ўшанавалі памяць Міхаіла Жызнеўскага і іншых герояў Нябеснай сотні і былі затрыманыя міліцыяй. Як распавяла Наста Лойка з Праваабарончага Цэнтру “Вясна”, ёсць ужо першыя прысуды.

– Толькі вядома, што пакуль асудзілі Максіма Вінярскага, яму далі 15 сутак, і зараз ёсць інфармацыя па Аляксандру Макаеву, таксама 15 сутак, і Мікалаю Коласу – 10 сутак. Так, усё закрыта, нікога не пускаюць, усю інфармацыю толькі па канчатковых выніках даведаемся.

Напярэдадні вечарам каля 15 чалавек запалілі знічы і ўсклалі кветкі да помніка Тарасу Шаўчэнку непадалёк ад амбасады Украіны. Быў разгорнуты вялікі партрэт загінулага ва Украіне беларуса Міхаіла Жызнеўскага. Усе актывісты былі затрыманыя АМАПам адразу пасля акцыі і дастаўленыя ў Цэнтральны РУУС Менска. Як паведамляюць праваабаронцы, у дачыненні да некаторых удзельнікаў з боку праваахоўнікаў ужывалася фізічная сіла. Пасля апоўначы вызвалілі 4-х чалавек—Ніну Багінскую, Зміцера Захарэвіча, Юрыя Ваўчка, Валерыю Чарнаморцаву. У РУУСе Цэнтральнага раёну засталіся да суду пяць затрыманых. Гэта Вольга Мікалайчык, Алесь Макаеў, Яўген Батура, Максім Вінярскі і Мікола Колас.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Сёння пройдуць  суды над затрыманымі актывістамі, якія ўвечары 22 студзеня ўшанавалі памяць Міхаіла Жызнеўскага і іншых герояў Нябеснай сотні і былі затрыманыя міліцыяй.

Каля РУУС Цэнтральнага раёна сабралася болей за трыццаць чалавек. Начальнік РУУС Артур Шахлай паведаміў, што калі прывязуць на суды затрыманых, ён запусціць у РУУС «каго будзе патрэбна.» Міліцыянты выгналі ўсіх, хто прыйшоў на суды з калідора.

Звестак, што прывезлі арыштаваных учора з турмы на Акрэсціна, пакуль няма.

* * *

У Менску судзяіць удзельнікаў акцыі памяці Нябеснай сотні. Суды пройдуць ў Цэнтральным РАУСе, а не як паведамлялася раней, у судзе Цэнтральнага раёна.

Актывісты Вольга Мікалайчык, Алесь Макаеў, Яўген Батура, Максім Вінярскі і Мікола Колас правялі ноч пасля затрымання ў турме на Акрэсціна. Цягам гадзіны павінны іх прывесці на суд, паведаміла праваабаронца Наста Лойка:

–  Гэта будзе выязное паседжанне. Гэта значыць, што затрыманых павязуць не ў суд, а ў РАУС. І справу будуць разглядаць там.

* * *

23 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёна Менска пройдуць суды над затрыманымі актывістамі, якія ўшаноўвалі памяць Нябеснай сотні ля амбасады Украіны.

Вечарам каля 15 чалавек усклалі кветкі да помніка Тарасу Шаўчэнку непадалёк ад амбасады Украіны. Усіх затрымала міліцыя і адвезла ў РУУС Цэнтральнага раёна.

Грамадскія актывісты паспелі ўскласці кветкі, памаліцца, праспяваць гімн Украіны і «Магутны Божа». Вольга Мікалайчык разгарнула вялікі партрэт Міхала Жызнеўскага. Усё здымалі на камеру людзі ў цывільным. Пасля заканчэння акцыі ўдзельнікаў затрымалі.

Пасля поўначы вызвалілі 4-х чалавек: Ніну Багінскую, Зміцера Захарэвіча, Юрыя Ваўчка, Валерыю Чарнаморцаву. У РУУСе Цэнтральнага раёна засталіся пяць затрыманых. Гэта Вольга Мікалайчык, Алесь Макаеў, Яўген Батура, Максім Вінярскі, Мікола Колас. 

Беларускае Радыё Рацыя