Зацішша перад бурай?



Дэбальцава, Шырокіна, Пескі… Гэтыя мястэчкі і вёскі не знікаюць з матэрыялаў вядучых сусветных СМІ. За апошні год замежнікі і самі ўкраінцы амаль вывучылі геаграфію ўкраінскага Данбаса, у якім ужо некалькі месяцаў ідзе крывавая вайна. Чарговая надзея на перамір’е з’явілася пасля амаль 16-гадзінных перамоў у Менску. Нехта з аптымізмам чакае прыпынення агню, а нехта не верыць, што зможа вярнуцца ў свае родныя дамы.

Я не чакаю, што менскія дамовы будуць выконвацца”, –  кажа ўкраінскі блогер, бежанец з Данецка Дзяніс Казанскі.

Дзяніс Казанскі: Мы не верым Пуціну. Тым больш ён не прызнае сябе бокам канфлікту. І мы разумеем, што гэтыя дамоўленасці могуць быць парушаны ў кожны момант, як было гэта раней. Мы не верым у тое, што гэтыя дамоўленасці доўга праіснуюць.

РР: Вы чалавек з Данецка, але не падтрымліваеце Данецкую Народную Рэспубліку. Большасць жыхароў Беларусі ўпэўнена, што ўсе жыхары Данецкай, Луганскай абласцей ды не толькі глядзяць на Расею як на адзінае месца ратунку, падтрымкі. Ці насамрэч Данеччына цалкам прарасейская?

Дзяніс Казанскі: Не. Вядома, што не ўсе жыхары Данеччыны – поўныя ідыёты. Таму не ўсе падтрымліваюць так званую ДНР. Калі першапачаткова гэты праект хаця б мог прывабна выглядаць, то цяпер абсалютна відавочна, што гэта марадзёрская структура, якая займаецца бяспраўнымі рабаваннямі і злачынствамі.

Рэч у тым, што, на жаль, у выніку вайны, рэпрэсій ды пераследаў большая частка жыхароў Данбаса, якія лаяльна ставіліся да Украіны, былі патрыётамі сваёй краіны, мусілі выехаць як бежанцы. А цяпер тыя, хто застаўся, насамрэч у сваёй большасці падтрымліваюць і Расею, і ДНР. Паводле афіцыйных дадзеных, бежанцамі сталі мільён чалавек. А паводле неафіцыйных – паўтара мільёна.

РР: І большасць з іх, відаць, выехала на тэрыторыю Украіны?

Дзяніс Казанскі: Так. Гэта было праўкраінскае насельніцтва. Гэтыя людзі не верылі ў страшылкі пра фашыстаў, карныя аперацыі і г.д. Проста выехалі туды, дзе спакайней, дзе дзейнічаюць цывілізаваныя законы, дзе проста так цябе не спыняць на вуліцы і не заб’юць.

РР: Вы кажаце, што большасць праўкраінскага насельніцтва выехала. Але, магчыма, маеце нейкія кантакты з Данецкам? Можа, хтосьці застаўся яшчэ там? Што ў гэтым горадзе адбываецца цяпер? Ці ёсць месцы працы, як там жывуць людзі?

Дзяніс Казанскі: Там усё дрэнна. Не ведаю, ці можна тое існаванне назваць нармальным жыццём. Калі яшчэ ў самім Данецку (гэта абласны цэнтр) ёсць святло, ацяпленне ў многіх раёнах, людзі маюць інтэрнэт, тэлебачанне, то ў іншых гарадах Данецкай і Луганскай абласцей гэтага няма. Людзі там жывуць без святла, сувязі, вады. Гэта страшныя ўмовы. І амаль ва ўсіх гарадах, у тым ліку Данецк і Луганск, сталыя людзі выжываюць толькі дзякуючы гуманітарнай дапамозе – прадуктам, якія ім выдаюць. Бо яны не маюць ні пенсій, ні іншых крыніц даходу. Вядома, уся праца і бізнес сталі. І зусім незразумела, дзе цяпер можна зарабіць грошы. І вось як працаваць? Праўда, тут не ідзе гаворка пра тых, хто пайшоў у апалчэнне, рабуе і забівае людзей, ды яшчэ атрымлівае грошы за гэта.

РР: Адзін з распаўсюджаных лозунгаў, зваротаў да Украіны: “Пачуйце Данбас!” Гэта кажуць прадстаўнікі так званага “рускага свету”. Але бачу, што з заклікам пачуць сапраўдны голас Данбаса выступае, напрыклад, журналіст Аляксей Мацука, які ўдзельнічаў у праекце “Громадське Донеччини”. Ці ёсць людзі, з якім можна размаўляць пра будучыню ўсходу Украіны – Данеччыну?

Дзяніс Казанскі: Увогуле, лозунг “Пачуйце Данбас!” з’яўляецца даволі спрэчным. Хто можа гаварыць ад імя ўсяго Данбаса? Зразумела, што гэта не тэрарысты. Я не ведаю чалавека, які б меў такія паўнамоцтвы. Напрыклад, я, Аляксей Мацука і многія іншыя, якія выехалі і просяць вызваліць Данбас, не згодны з расейскай акупацыяй. Мы таксама Данбас. І чаму, калі адны людзі заклікаюць пачуць Данбас, маюць на ўвазе толькі сябе і не ўлічваюць меркаванне іншых. Данбас – гэта такі ж рэгіён, як і іншыя. І там мае месца плюралізм меркаванняў. Таму такога паняцця “Пачуйце Данбас!” проста не існуе.

РР: Амаль што год трагічным падзеям на ўсходзе Украіны, ды ўвогуле ва Украіне. Ці вы бачыце, што Кіеў больш увагі надае Данеччыне, Луганшчыне? Бо ведаю, што гэтыя рэгіёны, прынамсі глыбінка, былі дэпрэсіўныя: людзі не мелі працы ці зараблялі малыя грошы. Ці прыйшло такое разуменне, што жыццё – гэта не толькі Кіеў, але і рэгіёны.

Дзяніс Казанскі: Безумоўна, гэта былі дэпрэсіўныя рэгіёны з шэрагам праблем. Але гэтыя праблемы ў параўнанні з тым, што маем цяпер, – дробязь. І Кіеў выдатна разумее гэта. Цяпер увесь свет сочыць за падзеямі, усё бачыць і разумее. Гэтыя праблемы ёсць. І няма іншага выхаду, як вырашаць іх. А будуць вырашаць іх усе: і Украіна, і Расея, і сусветная супольнасць.

РР: Чакаецца, што заўтра – апошні дзень, калі будуць гучаць аўтаматы і зброя на Данбасе. Ці верыце, што з 00 гадзін 15 лютага аўтаматы змоўкнуць?

Дзяніс Казанскі: Не! Па-першае, ужо былі такія дамоўленасці, ніхто іх не прытрымліваўся. Па-другое, калі б Расея была зацікаўлена ў тым, каб на Данбасе не стралялі, то яна б проста не завозіла б туды аўтаматы, танкі, артылерыю і г.д. А мы ўсе памятаем: калі на сцяне вісіць стрэльба, то яна абавязкова стрэліць. А гэты рэгіён перанасычаны зброяй. Таму яна будзе яшчэ доўга страляць.

У Менску напярэдадні вызначылі 13 пунктаў па нармалізацыі сітуацыі на Данбасе, першым з іх мае быць перамір’е ад 00 гадзін 15 лютага. Пазней цягам 2 тыдняў мае быць адведзенае цяжкае ўзбраенне з абодвух бакоў. А пакуль зброя не сціхае па ўсёй лініі данбаскага фронту.

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота topwar.ru