Заўтра ў Беларусі пачнуцца маштабныя вучэнні калектыўных сіл АДКБ
З 1 да 6 верасня ў Беларусі пройдуць вучэнні “Баявое братэрства – 2023”. Гэта першыя вайсковы манеўры краін АДКБ на беларускай тэрыторыі пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну.
У вучэннях возьмуць удзел вайскоўцы з пяці краін АДКБ: Беларусі, Расеі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана. Афіцыйна заявілі, што ў манеўрах будуць задзейнічаныя больш з 2,5 тысячы вайскоўцаў і больш за 500 адзінак узбраення, вайсковай і спецыяльнай тэхнікі. Яны будуць разгорнутыя на шасці палігонах: Абуз-Лясноўскі, Берасцейскі, Даманаўскі (Берасцейская вобласць), Гожскі, Чэпелава (Гарадзенская вобласць) і Лясішча (Менская вобласць).
“Баявое братэрства – 2023” дзеліцца на шэраг спецыялізаваных вучэнняў. Галоўныя з іх – гэта вучэнні калектыўных сілаў аператыўнага рэагавання АДКБ “Узаемадзеянне-2023”, падчас якіх адпрацуюць супольныя дзеянні “дзеля ўрэгулявання крызіснай сітуацыі ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне”.
Беларускае Радыё Рацыя