Заўтра ў Брусэлі будзе абмяркоўвацца чацвёрты пакет санкцый



Чацвёрты пакет санкцый супраць беларускіх уладаў ужо падрыхтаваны і будзе абмяркоўвацца ў Брусэлі на паседжанні Савета міністраў замежных спраў ужо заўтра. Пра гэта напісаў у сваім тэлеграм канале кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка.

Чакаецца, што Еўразвяз пашырыць санкцыйныя спісы чыноўнікаў, суддзяў і сілавікоў. Шэраг краін-удзельніц ЕЗ не абмяжуецца санкцыйнымі мерамі: ствараецца міжнародны механізм па раследаванні злачынстваў спецслужбаў і прадстаўнікоў МУС супраць грамадзян Беларусі, у прыватнасці актыўна фармуецца адпаведная факталагічная доказная база.

Латушка падкрэслівае, што Вялікабрытанія сінхранізавала свае санкцыйныя спісы з трэцім пакетам санкцый ЕЗ, а з 2021 года прымае свае санкцыі, якія будуць накладацца самастойна. У сваю чаргу ЗША пашырылі ўласны санкцыйны спіс да 109 асобаў. Пакуль што санкцыі накладае Дзярждэпартамент. Але чакаецца, што да яго можа далучыцца Міністэрства фінансаў.

Беларускае Радыё Рацыя