Заўважаныя манеўры расейскіх вайскоўцаў у Берасці
Вялікая калона расейскіх вайскоўцаў пакінула беларускі горад Берасце і рухаецца да мяжы з Украінай да пункта пропуску ў Макраны (Даманова з украінскага боку), паведаміў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Паводле інфармацыі ABC News і амерыканскага часопіса Foreign Policy, апошнія спадарожнікавыя здымкі паказваюць, што расейцы назапасілі вялікую колькасць войскаў і тэхнікі на берасцейскім палігоне ў некалькіх кіламетрах ад межаў Польшчы.
«Расея сабрала войскі, бранятэхніку, артылерыю і больш за 50 транспарцёраў цяжкай тэхнікі на палігоне «Брэст».
Тым часам з’явілася інфармацыя, каго канкрэтна ў Беларусі закрануць новыя санкцыі Еўразвязу. Згодна з праектам дакумента, пра які піша Guardian, пад санкцыі падпадаюць любыя беларускія чыноўнікі ў войску і Міністэрстве абароны, якія «палегчылі» ўварванне ва Украіну. Іх чакае забарона на перамяшчэнне і замарозка актываў.
