Завербаваны КДБ украінец планаваў тэракт у Кіеве
У Кіеве планаваўся тэракт. Служба бяспекі Ўкраіны заявіла, што затрымала грамадзяніна Ўкраіны, жыхара Кіева, які быў завербаваны «прадстаўнікамі адной з беларускіх дзяржструктур» для ўчынення тэракту ва ўкраінскай сталіцы.
Паводле СБУ, затрыманне адбылося ў часе спробы ўкраінца падпаліць аўтамабіль каля будынку адной са сталічных грамадскіх арганізацый. Затрыманы таксама займаўся запалохваннем прадстаўнікоў СМІ і замежных грамадзян. Для гэтага ён наносіў надпісы з пагрозамі і правакацыйнымі выразамі каля іхнага жытла і паведамляў пра псеўдамінаванні. Апроч таго, па версіі следчых СБУ, мужчына датычны да арганізацыі несанкцыянаваных мітынгаў каля замежных дыпламатычных прадстаўніцтваў. Фрагмэнт з ягоных паказанняў:
– Было заданне купіць салют і падпаліць яго каля амбасады. Другім было каля польскай амбасады наняць людзей і зрабіць міні мітынг. Наступным было ў Кіеве абліць машыну бензінам і падпаліць..
Паводле папярэдніх звестак, як адзначылі ў СБУ, «дзеянні варожага агента былі накіраваныя на расхістванне ўнутрана-палітычнай сытуацыі ва Ўкраіне і дыскрэдытацыю Ўкраіны перад краінамі ЭЗ і грамадзянамі Беларусі». Найбліжэйшым часам суд разгледзець хадайніцтва следчых аб арышце затрыманага на час дасудовага расследавання.
Беларускае Радыё Рацыя